Неўролаг Руслан Бадамшын зноў арыштаваны



Суд Першамайскага раёна Менска 26 сакавіка арыштаваў лекара-неўролага Руслана Бадамшына на 15 сутак, паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтра „Вясна”.

Справу разгледзела суддзя Анастасія Кулік.

Бадамшына затрымалі 24 сакавіка ля яго дома. Жонка Таццяна паведаміла, што напярэдадні да іх дадому прыходзіў участковы і выклікаў мужа на размову ў РУУС. На наступны дзень лекар раніцай выйшаў з кватэры, каб ісці на працу, але праз некалькі хвілін пазваніў у дамафон і паведаміў пра затрыманне. У Першамайскім РУУС у дачыненні да яго склалі пратакол на падставе арт. 19.1 КоАП (дробнае хуліганства) за тое, што ён нібыта размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся.

Гэта пятае затрыманне Бадамшына. Першы раз ён быў затрыманы 10 жніўня ля стэлы на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў (атрымаў раненне; двое сутак правёў пад вартай, аштрафаваны на 10 базавых велічынь — 270 рублёў), затым — 2 лістапада ў раёне праспекта Дзяржынскага на акцыі ў падтрымку адлічаных студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (15-сутачны арышт), 29 лістапада — на Маршы суседзяў у менскім мікрараёне Уручча (15-сутачны арышт) і 14 студзеня — па шляху з паліклінікі ва Уруччы, куды прыбылі сілавікі ў пошуках удзельнікаў пратэстовых акцыі.

belapan.by