Неўзабаве павінна выйсці на волю палітзняволеная Вольга Філатчанкава
Ужо лічыць дні да выхаду на волю палітзняволеная выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава.
Ёй засталося адседзець крыху больш за два месяцы. Амністыя так і не адбылася, але ў часткі тых, хто быў асуджаны па крымінальных палітычна матываваных справах, ужо сканчваецца тэрмін утрымання за кратамі, распавяла яе сястра Марыя Філатчанкава:
– Яна тэлефанавала бацькам на мінулым тыдні. Тэлефанаванні кароткія, паразмаўлялі як заўсёды. Яна вельмі бадзёрая, у лістах таксама бадзёрая. Я так разумею па даўжыні лістоў, што часу няма ўвогуле. То бок загружаюць па поўнай праграме. Плюс пахаладала, ім там яшчэ не выдалі зімнюю форму, мерзнуць дзяўчаты. Увогуле настрой такі, што лічым дні.
Выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Вольга Філатчанкава была асуджана да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Падставай стаў артыкул 342 Крымінальнага кодэксу РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны ўдзел у іх).
Беларускае Радыё Рацыя