Невядомы ліст Міхася Зуя



mihas_zuj23 кастрычніка – дзень нараджэння вядомага вайсковага і палітычнага дзеяча, прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады і аднаго з кіраўнікоў Беларускага вызваленчага фронту Міхася Зуя, які паходзіць з Шаркоўшчынскага раёна. Апошнія гады жыў у Аўстраліі і з’яўляўся кіраўніком Дэлегатуры БЦР.

Узгадвае журналістка Таццяна Смоткіна:

„Усё сваё жыццё сумаваў па Радзіме, пра што пісаў у лістах з Аўстраліі свайму стрыечнаму брату з Шаркоўшчыны Міхасю Груздзіловічу (майму дзядулю).

З дзяцінства я шмат чула, пра тое, што ў нас ёсць родныя ў Аўстраліі. Бабуля і дзядуля часта распавядалі пра Міхася, які жыве ў Сіднеі. Калі я пыталася, як ён там апынуўся, мне казалі, што туды яго закінуў лёс пасля вайны. Яшчэ я чула пра тое, што некаторыя тутэйшыя людзі лічылі яго здраднікам. Пра гэта не хацелі асабліва мне апавядаць мае родныя, толькі казалі пра тое, што ніякім ён здраднікам не быў, а наадварот ратаваў шмат беларусаў падчас вайны. Толькі праз дзесяткі год, выпадкова, мне трапілі ў рукі дакументы, якія засталіся ў маёй цёці, сярод якіх быў вось гэты ліст”.

138024_600

136314_600

Прапануем вашай увазе эксклюзіўны, нідзе не апублікаваны ліст Міхася Зуя, які ён даслаў у 1989 годзе свайму брату. У ім ён распавядае пра жыццё ў Аўстраліі, пра смутак па Беларусі і ўзгадвае эпізоды сваёй грамадскай дзейнасці.

list-1

Аўстралія 07.03.1989 г.

Дарагі брат Міша!

Сардэчна дзякую за памяць. Я не магу забыць сваёй Радзімы, нягледзячы на тое, што жыву на чужыне 44 гады.Ня хочацца верыць, што я, па волі лёсу, мушу дажываць сваё жыццё ў Аўстраліі. Мне часта сняцца нашы гоні, наш дабрадушны беларускі народ. А так хацелася б пабачыцца з Вамі, ад душы пагаварыць. Аднак чалавек ня можа ўсяго рабіць, што ён хоча, што яму падабаецца. З Вашай Сястрой Нюрай, пакуль яна была пры жыцці, часта перапісываліся…

Як толькі пакінуў межы Бацькаўшчыны, многа прыйшлося знайсці ўсякіх прыкрасцяў, і ня раз стаяў на парогу смерці. Дзякаваць Богу, гэта ўсё перажытак і ніколі ня вернецца назад. Архіяпіскап Філафей сказаў мне ў 1978 годзе: “Я чую грэх на душы перад беларускім народам, што пакінуў беларусаў і пачаў служыць чужынцам…” А мяне пацяшае адно, што я гэтага ніколі не зрабіў, а толькі паражаў сваё жыццё на кулю нямецкага нацыста, мне ўдалося ратаваць ад знішчэння тысячы нашых жыхароў. Як гэта ўсё адбывалася, мог бы расказаць пры спатканні. Ад свядомых Беларускіх Патрыётаў заслужыў вялікі давер і пашану. Памііма майго аслабеўшага здароўя безупынна працую для дабра свайго народу. Змушае на гэта мяне гніль захаду, якая заразіла душу нашых суродзічаў, і для іх цяпер доляр найважнейшы за ўсіх на свеце, бо пры помачы доляра маюць асабістыя выгоды…

Пасля выпадку, калі я стаяў на дарозе і аўта з поўнай хуткасцю ўдарыла мне ў правы бок, зламала абедзве нагі, правую руку, а галавой пабіў пярэдняе шкло ў машыне, ды галавой і плячом улез у машыну, аслабла маё здароўе, а ў асаблівасці ногі. Хаджу з кіёчкам. Выконавую ўсе работы каля дому і грамадзкую працу. 9-год як на пэнсіі. Пэнсія невялікая. Пражыць можна, але, каб прымаць гасьцей і ўтрымаць аўта далёка не хапіла б. А толькі маю рэнту з другой хаты, то яна ўтрымоўвае мяне на ўзроўне нармальнага аўстраліскага жыцця і вяду шырокую перапіску з суродзічамі з цэлага сьвету.

 Сям’я мая невялікая: жонка, сын і дачка. Абое працуюць. Сын пайшоў працаваць не закончаўшы ўніверсітэт, але кажа, што на наступны год будзе прадаўжаць студыі. Ён працуе на кампютары. Дачка Ніна працуе ў лабараторыі медыцынскіх доследаў і вечарамі ездзіць у коледж паглыбляць фахавую веду.

Калі атрымаю ад Вас ліст, напішу больш і прышлю фатаграфію  маёй сям’і. А пакуль што шчыра вітаю Вас і ўсіх Родных і тых, хто памятае мяне.

Р.S: захаваны правапіс арыгінала

list-2 list-3

МІХАСЬ ЗУЙ (23.10.1909, в. Вялікае Сяло, сёння, Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл. — 24.04.1995 г.), грамадскі дзеяч. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у структурах БНС, начальнікам Шаркаўшчынскага павету.

 У 1949 г. выехаў у Аўстралію. Браў удзел у першым сходзе сяброў Беларускага Аб’яднання ў Новай Паўднёвай Валіі (Новы Паўднёвы Уэльс) у сакавіку 1950 г., пазней — стваральнік і нязменны старшыня Беларускага Аб’яднання ў Аўстраліі (БЦР-аўскага кірунку). Кіраваў дэлегатурай БЦР у Аўстраліі, у 1977—1978 гг. — старшыня выканаўчага камітэту Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацый у Аўстраліі. У 1987 г. на XIX пленуме БЦР абраны прэзідэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады.

138290_600

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Смоткінай і з сайта hardzin.livejournal.com