Невядомы мастак дамаляваў калючы дрот да графіці ў Менску
Невядомы мастак дамаляваў калючы дрот да графіці, размешчаных на двух жылых дамах па вуліцы Магілёўскай у Менску, якія сімвалізуюць сяброўства Расеі і Беларусі. Інфармацыя пра гэта і фатаграфіі, якія яе пацвярджаюць, размешчаны на старонцы беларускай стрыт-арт-супольнасці Signal у Facebook.
Як высветліў БелаПАН, калючы дрот быў дамаляваны раніцай 23 кастрычніка пры дапамозе спецыяльнай пад’ёмнай тэхнікі. Пасля завяршэння працы аўтар пакінуў Менск.
„Хацеў гэтым сказаць, што калі нехта спрабуе гуляць у стрыт-арт, то ён павінен быць гатовы гуляць па правілах стрыт-арта. Гэта вуліца — тут тваю працу могуць знішчыць, сапсаваць, дарабіць. Асабліва калі яна дрэннай якасці і з прапагандысцкім пасылам” — такі каментар перадаў БелаПАН ананімны мастак праз праект Signal.
Графіці, якія сімвалізуюць беларуска-расейскую дружбу, былі нанесеныя па ініцыятыве расійскага боку і прымеркаваныя да Дзён Масквы ў Менску, што праходзілі ў чэрвені гэтага года. Працу выканаў яраслаўскі мастак Артур Кашак. Хлопчык на малюнку сімвалізуе Менск, дзяўчынка — Маскву (на іх майках намаляваныя гербы гарадоў).
Графіці першапачаткова выклікалі шквал крытыкі і сталі аб’ектам кпінаў у сацсетках. Як адзначаў каардынатар стрыт-арт-праекта Signal Алег Ларычаў, у сітуацыі з беларуска-расійскімі графіці „палохае адраджэнне манументальнай прапаганды, савецкага сацрэалізму і тое, што дзяржава ўсвядоміла, што можна яшчэ большыя плошчы выкарыстоўваць для прапаганды, не толькі білборды”.