Невядомыя ноччу перафарбавалі бел-чырвона-белую хату Анатоля Каханчыка
Больш як год таму полацкі сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Анатоль Каханчык расфарбаваў сваю хату ў вёсцы Алёшча незвычыйным чынам – тры паласы ў колерах нацыянальнага сцяга на блакітным фоне. І быў за гэта пакараны арыштам як за правядзенне несанкцыянаванага пікета. Кіраўніцтва мясцовага сельсавета неаднаразова патрабавала ад гаспадара, каб ён ліквідаваў “апазіцыйную” расфарбоўку. На мінулым тыдні ў вёску прыязджалі прадстаўнікі Следчага камітэта і апытвалі суседзяў, дзе можна знайсці Анатоля Каханчыка. Не знайшоўшы гаспадара, невядомыя вырашылі перафарбаваць хату самахоць. І зрабілі гэта пад покрывам ноччы, кажа спадар Анатоль:
– Год да мяне ніхто не ездзіў, ім самім гэта не патрэбна. Але, мабыць, далі загад прыехаць ды замаляваць. І вось а палове на 12-ю начы прыехалі, ходзяць па двары. Уначы не відаць, ці ў форме яны, ці не. Яны зафарбавалі і сфатаграфавалі, каб сваімі фотаздымкамі даць справаздачу.
Невядомыя зафарбавалі карычневай фарбай чырвоную паласу паміж дзьвюх белых. А герб Пагоня, які быў вывешаны ў акне, зафарбавалі карычневай фарбай проста па шкле звонку. Хата стала выглядаць неахайна, лічыць гаспадар, і рыхтуецца да таго, каб пафарбаваць сцены нанова.
Беларускае Радыё Рацыя