Невядомыя пагражаюць гомельскаму відэаблогеру Дзмітрыю Сабураву



Невядомыя пагражаюць гомельскаму відэаблогеру Дзмітрыю Сабураву.

З ананімных крыніц гамельчуку паведамілі пра планы сілавікоў адносна правакацыі з захоўваннем наркатычных сродкаў. Дзмітрый Сабураў лічыць такія дзеянні праваахоўнікаў помстай за ягоную актыўную грамадзянскую пазіцыю.

—  Мне нейкая ананімная невядомая крыніца паведаміла, што нібыта мяне могуць падставіць па сфабрыкаванай справе з наркотыкамі. Ці то падкінуць, ці як. Я не ведаю, як яны робяць усе гэтыя рэчы. У мяне ёсць знаёмы, які цяпер жыве ў Еўропе, дык ён 12 гадоў таму збег менавіта па такой справе. Яму папросту падкінулі наркотыкі ў кішэню. Яго адпусцілі пад падпіску і ён паспеў збегчы. За гэты час іх метады не змяніліся, яны будуць выкарыстоўваць усе сродкі, каб паспрабаваць неяк спыніць гэта. 

Дзмітрый Сабураў у адзіночку сабраў каля 1000 подпісаў супраць прэзідэнцкага Дэкрэта №3. Пасля камунікацыі з людзьмі ён вырашыў весці відэаканал „Беларускае поле эксперыментаў”, прысвечаны актуальным пытанням барацьбы з так званым „дармаедскім дэкрэтам”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель