Невядомыя пагражаюць лідарцы „Матчынага руху 328”



Невядомыя асобы пагражаюць ініцыятарцы стварэння сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларысе Жыгар. Жанчына атрымала папярэджанне, што ў выпадку далейшай грамадскай дзейнасці – да яе сына, які адбывае тэрмін турэмнага зняволення, будуць прынятыя больш жорсткія меры ўтрымання. Чалавек, які пагражаў жанчыне праз перапіску ў сацыяльнай сетцы, прадставіўся Аляксандрам Грэчным – супрацоўнікам  выпраўленчай калоніі нумар 22 “Воўчыя норы”.

Zyhar2На думку Ларысы Жыгар, такія захады супраць яе і яе блізкіх з’яўляюцца яскравым вынікам  дзейнасці ў абароне правоў асуджаных паводле артыкула аб незаконным абароце наркатычных і псіхатропных рэчываў:

– Наша арганізацыя аб’яднала тых маці, дзеці якіх несправядліва асуджаныя паводле артыкула 328 – незаконны абарот наркатычных сродкаў. Мы ўздымаем гэтае пытанне, бо бачым, што не вельмі хочацца сілавым структурам, каб перамагла справядлівасць. Пакараўшы хлопцаў, сілавыя структуры перадусім атрымліваюць прэміі, зорачкі. Больш пасадзяць за краты – больш атрымаюць прэміі.

Ларыса Жыгар звярнулася ў Генеральную пракуратуру з заявай, у якой патрабуе высветліць дакладныя дадзеныя чалавека, які ёй пагражае, і прыцягнуць яго да адказнасці ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня