Інфармацыя пра мініраванне 12 аб’ектаў у Віцебску не пацвердзілася (абноўлена)



Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

Прыняты меры па ахове грамадскага парадку, праверана тэрыторыя на наяўнасць выбухованебяспечных прадметаў. У мэтах бяспекі эвакуяваліся наведвальнікі і персанал гандлёвых аб’ектаў, адзначыла Чамаданава. Асоба адпраўніка паведамлення аб мініраванні высвятляецца.

Праваахоўнікі выказваюць прабачэнні „за нязручнасці, звязаныя з прынятымі мерамі бяспекі”.

Раніцай 6 ліпеня ў аператыўна-дзяжурную службу МУС паступіла паведамленне аб мініраванні шэрагу аб’ектаў у Віцебску, у тым ліку гандлёвых цэнтраў і школ.

Раней Следчы камітэт паведамляў, што з пачатку мінулага года было распачата больш за 40 крымінальных спраў па фактах заведама падманнага паведамлення аб небяспецы. Праваахоўнікам пакуль не ўдалося выявіць асоб, якія даслалі праз інтэрнэт ілжывыя паведамленні аб мініраванні.

* * * 

У аператыўна-дзяжурную службу МУС 6 ліпеня паступіла паведамленне аб мініраванні шэрагу аб’ектаў у Віцебску.

„У электронным лісце пазначаны 12 аб’ектаў, сярод якіх гандлёвыя цэнтры і ўстановы адукацыі, размешчаныя ў Віцебску”, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

На названыя ў лісце аб’екты накіраваны супрацоўнікі праваахоўных органаў. „Прымаюцца ўсе неабходныя меры для забеспячэння бяспекі грамадзян. Асоба адпраўніка паведамлення высвятляецца”, — адзначылі ў МУС.

Міліцыя заклікала жыхароў Віцебска „з разумеем паставіцца да магчымых нязручнасцяў, звязаных з прыняццем мер бяспекі”.

Чамаданава нагадала, што гэта не першае паведамленне аб небяспецы, якое паступіла ў органы ўнутраных спраў з пачатку года. „Ва ўсіх выпадках інфармацыя не пацвярджалася, небяспечных прадметаў не выяўлена”, — сказала Чамаданава.

Раней Следчы камітэт паведамляў, што з пачатку мінулага года ў Беларусі было распачата больш за 40 крымінальных спраў па фактах заведама падманнага паведамлення аб небяспецы. Праваахоўнікам пакуль не ўдалося выявіць асоб, якія даслалі праз інтэрнэт ілжывыя паведамленні аб мініраванні шэрагу будынкаў у краіне.

belapan.by