Невядомыя цалкам разбурылі „лаву Клінтана” ў Курапатах



Невядомыя цалкам разбурылі мемарыяльную „лаву Клінтана” ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам, паведаміла грамадская актывістка Ганна Шапуцька.

„Лава Клінтана” — гранітная пліта з памятным надпісам „Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці” — была ўстаноўленая ў студзені 1994 года падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Біла Клінтана на месцы масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

„Перад дзяжурствам на курапацкай варце (шматмесячная акцыя пратэсту супраць працы каля народнага мемарыяла рэстарана „Паедзем паядзім”. — БелаПАН.) мы вырашылі зайсці ў самі Курапаты, паглядзець, што там і як, — сказала актывістка. — Прыйшлі прыкладна ў 16.15 і ўбачылі , што „лава Клінтана” разбітая больш як на 14 кавалкаў. Ёсць зусім маленькія кавалачкі, ёсць большыя. Частка ляжыць на пастаменце, частка ляжыць побач на зямлі, два даволі вялікія кавалкі наогул за кустамі, маленькія — раскіданыя вакол. Пастамент цэлы, раскрышылі толькі саму пліту. Ад лавы ідзе добра пратаптаная сцежка ў лес”.

„Відавочна, што аднавіць „лаву Клінтана” немагчыма, трэба рабіць новую. Мы выклікалі міліцыю, нас папрасілі дачакацца прыезду супрацоўнікаў”, — паведаміла Шапуцька.

1 лютага невядомыя разбілі мемарыяльную лаву на некалькі буйных частак. Пасольства ЗША выказала глыбокую занепакоенасць знішчэннем лавы і заклікала беларускія ўлады „правесці расследаванне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці”.

„Мы перакананыя, што гэты ўчынак выклікае агіду ў грамадзян і ва ўладаў Беларусі. Вандалы могуць знішчыць лаву, але не тое, што яна сабой увасабляе. Месца роздумаў для наведвальнікаў Курапатаў, лава сімвалізуе такія агульныя каштоўнасці, як рашучае супрацьстаянне тыраніі і тэрору, а таксама надзею, што падзеі, якія здарыліся тут 80 гадоў таму, больш нідзе і ніколі не паўторацца”, — гаварылася ў паведамленні пасольства Злучаных Штатаў.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог паведаміла БелаПАН, што па факце акта вандалізму „праводзяцца праверачныя мерапрыемствы”, паводле вынікаў якіх „будзе прынятае працэсуальнае рашэнне”.

Лава неаднаразова зведвала атаку вандалаў. У прыватнасці яна была разбітая летам 2001 года, адрэстаўраваная і зноў усталяваная 15 студзеня 2002-га паслом ЗША ў Беларусі Майклам Козакам. Скульптар Алесь Шатэрнік, які займаўся рэстаўрацыяй знака, размясціў на месцы расколу гарызантальнай гранітнай пліты металічны вянок як сімвал пакаяння беларусаў, якія не здолелі зберагчы помнік ад апаганення. У лістападзе 2005 года лава была перавернутая і ўтаптаная ў зямлю, а ў лістападзе 2012-га яе размалявалі фарбай і зрабілі надпіс „АЧМ” („Авангард чырвонай моладзі” — бальшавіцкая арганізацыя ў краінах былога СССР і замежжа).

Ні ў адным з выпадкаў вандалы не былі ўстаноўленыя.

belapan.by

Фота UladzGrydzin