Невядомыя падпалілі дачу былога дырэктара РНПЦ „Кардыялогія” Аляксандра Мрочака
Невядомыя ўчынілі падпал дачы былога дырэктара РНПЦ „Кардыялогія” Аляксандра Мрочака. Пра гэта паведаміў яго сын Дзмітрый у „Фэйсбуку”.
„Сёння ноччу спалілі дачу майго таты, пакінулі запіску з папярэджаннем… Яшчэ ёсць спрэчкі пра дэмакратыю і „краіну для жыцця”?” — напісаў Дзмітрый Мрочак.
Да паведамлення ён прыклаў фатаграфіі, на якіх відаць, што згарэла частка дома, а таксама альтанка, размешчаная на ўчастку ў аддаленні ад дачы.
У сваю чаргу Аляксандр Мрочак распавёў парталу tut.by, што цяпер на дачы працуюць следчыя. „Пажарныя лічаць, што гэта падпал. Мала таго, стаяла крэсла на вуліцы, на крэсле — лялька са скрываўленымі вачыма, прыколатая скальпелем. І пагрозлівая запіска, што я павінен пакаяцца, што „прадаваў нейкія стымулятары, былыя ва ўжыванні”, — гэта поўная бязглуздзіца! І напісана ў канцы, што гэта толькі пачатак”, — сказаў Мрочак.
Аляксандру Мрочаку 67 гадоў. Ён галоўны кардыёлаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі. Мае 27 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы. Кіруе навуковай школай арытмолагаў у Беларусі. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
У канцы жніўня гэтага года Мрочак быў звольнены з РНПЦ „Кардыялогія”, якім кіраваў з 2008 года. З ім датэрмінова скасаваны працоўны кантракт, які быў заключаны да лютага 2021 года.
Звальненне Мрочака адбылося пасля таго, як пасля сілавых разгонаў акцый пратэсту супрацоўнікі РНПЦ „Кардыялогія” ў свой непрацоўны час актыўна выходзілі на акцыі супраць гвалту. Калектыў цэнтра настойліва прасіў кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя не звальняць Мрочака і праводзіў звольненага дырэктара чатыроххвіліннай авацыяй.