Невыносная спёка пад Менгарвыканкамам ды Домам ураду
Лічаных пакупнікоў сярод дня можна сустрэць зараз у фешэнебельных залах гандлёвага мегацэнтра “Сталіца”. На трох паверхах пад зямлёй ён месціцца на пляцы Незалежнасці – акурат паміж Менгарвыканкамам ды Домам ураду. Прычынай тутэйшыя гандляры называюць задушша ды спёку, што нават перавышаюць тыя, што пануюць “на зямлі”.
Ля выхада сустрэў Уладзіміра Якаўлевіча, пажылога пакупніка, які аціраў пот з ілба і лаяўся:
Якаўлевіч: У гэтай сталіцы сапраўдны здзек над прадаўцамі і пакупнікамі! Зараз тут, бачыў на градусніку, плюс 40. А побач жа і тая Палата прадстаўнікоў, і Камітэт дзяржаўнага кантроля. І хто думае гандлярак – маладых дзяўчат, што псуюць сваё здароўе?!
На розных паверхах пагутарыў з прадавачкамі прыватных шапікаў – а менавіта іх пераканаўчая большасць у гандлёвых залах – з Настай, Святланай і Аленай. У вачах кабет чыталася ў літаральным сэнсе спякотная пакута. Вось іх калектыўны расказ:
Спадарыні: Вакол задушша ды адсутнасць вентыляцыі. Прайсціся на “вялікую зямлю” – не ўратоўвае. Таму бегаем час ад часу ў вялікія дзяржкрамы – там стацыянарна падведзеныя кандыцыянеры. Бывае, што даходзіла і да плюс 45 – пад канец дня мазгі “не варушацца”. Мы тыя, што з нецярплівасцю чакаем восень і зіму…
Гутару са старажылам – прадпрымальнікам Андрэям, які працуе ў “Сталіцы” ад пачатку існавання.
Андрэй: Ты пахадзіў па паверхах, а я толькі што з самага “чэрава”, дзе працуюць грузчыкі – там рыска тэрмометра не апускаецца ніжэй плюс 43-45. Сітуацыя з рознай ступеняй цяжкасці паўтараецца штогод. Чыноўнікі, што часам з’яўляюцца, заломваюць рукі – “вентыляцыя – гэта наш боль!” Але гадамі ж воз на адным месцы, а яны ўсё “хварэюць”. Пры гэтым наўпрост да іх звяртацца небяспечна – тут жа з’явяцца падаткавікі ды – не ўсміхайся – пажарная ахова. А там будзе адабраная і сама “кропка”. Таму ніхто тут не назаве ў часе інтэрв’ю свайго прозвішча. Больш таго. Пасля твайго рэпартажа, калі пахаладае, прыйдуць “добраахвотнікі” з градуснікамі і ўсё зноў стане тіп-топ…
РР: Гэта пры тым, што адсутнасць пакупнікоў рана ці позна ўдарыць па самых вертыкальшчыках– тавары, якімі гандлюеце, зусім ня танныя…
Андрэй: А якімі яны могуць быць, калі арэнда аднаго квадратнага метра гандлёвай плошчы абыходзіцца нам у 100 еўра! Я быў нядаўна ля славутай сцяны ў Берліне – там ці не ў паўтара разы танней. Можна, канешне, узгадаць Сталешнікаў завулак у Маскве, дзе метр каштуе да 3000 “зялёных”, але там пакупнікі выключна мільянеры. Увогуле, мы не супраць арэнды – у шапіку сядзець, нібы, лягчэй, чым днямі тупаць вакол тавара пры розным надвор’і. Але стварыце ўмовы, бо тая арэнда часам проста не акупаецца! Ужо з некаторых кропак з-за гэтага прадпрымальнікі зышлі. Бадай, гэта можа стаць толькі пачаткам. Між іншым, пры плюс 35, паводле інструкцый СЭС, трэба спыняць працу. Пры плюс 29 – заканчваць працу на 2 гадзіны раней. Але, натуральна, ніхто з нас гэтым не будзе карыстацца. Людзі стаміліся ад наплевацельскіх адносін улады да сабе!
Колькі год таму, калі цэнтр “Сталіца” быў з помпай адчынены, ён, паводле уладных задумак, мусіў стаць гандлёвым тварам цэнтра Мінска. Аднак тое, з чым сутыкаюцца айчынныя пакупнікі і нашы госці, гонару сталіцы яўна не дадае.
[Not a valid template]
Вітальл Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара