Незадаволеных заробкамі беларусаў замяняюць менш патрабавальныя іншаземцы
На Гарадзеншчыне істотна павялічваецца колькасць працоўных-мігрантаў. Летась у рэгіёне афіцыйна было амаль 2 тысячы 400 такіх асобаў, што ўдва разы больш, чым у 2013 годзе. Істотнаму павелічэнню колькасці мігрантаў пасадзейнічала сітуацыя на ўсходзе Украіны – менавіта з гэтай краіны зафіксавана найбольшая колькасць мігрантаў. На думку юрыста Кірыла Тамашэўскага, у сітуацыі эканамічнага крызісу, гэта стварае пэўную напружанасць на мясцовым рынку працы – незадаволеных заробкамі беларусаў замяняюць менш патрабавальныя іншаземцы.
– У наймальнікаў на сённяшні дзень вельмі шмат ёсць магчымасцяў для таго, каб адпаведным чынам адрэгуляваць пытанне зарабатнай платы ў арганізацыях. І ў адносінах тых работнікаў, якія не здольныя ацаніць сітуацыю, якая складаецца ў арганізацыі, пазбавіцца гэтых работнікаў.
Афіцыйная лічба працоўных-мігрантаў, якія з’ехалі, на Гарадзеншчыне складае 12 чалавек. З улікам памежнасці рэгіёну, спецыялісты ў галіне даследавання рынкаў працы робяць высновы, што абсалютная большасць жыхароў Прынёмання працуе па-за межамі краіны без адпаведнага паведамлення Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі.
Беларускае Радыё Рацыя