Незаконныя патрабаванні ЖКГ у Мікашэвічах
Мікашэвіцкая жыллёва-камунальная гаспадарка вырашыла папоўніць свой рахунак незаконным чынам.
1 чэрвеня Быў створаны дакумент аб аплаце за дапаўняльныя паслугі для пражываючых у інтэрнатах за подпісам эканаміста Нікановіч і зацверджаны дырэктарам гаспадаркі. Але на практыцы ніякіх дапаўняльных паслуг людзі не атрымлівалі і не прасілі пра іх. Тым не менш, пад пагрозай высялення іх застаўляюць падпісваць дамову пра дадатковыя паслугі і плаціць за іх, кажа актывіст Леанід Дубаносаў, да якога людзі звярнуліся па дапамогу:
— Якія дадатковыя паслугі — яны не кажуць. Кажуць: падпісвайце, або будзеце на вуліцы. Тыя, хто баіцца, падпісваюць, але многія сказалі, што мы нічога не хочам падпісваць і не будзем падпісваць. Кіраўніцтва ЖКГ здзекуецца над людзьмі, бо ведаюць, што людзі нікуды не пойдуць, што людзі ўсяго баяцца і будуць рабіць усё, што яны скажуць. Але людзі ўжо перасталі баяцца.
Па словах Леаніда Дубаносава, абураныя людзі звярнуліся з калектыўнымі зваротамі ў Мікашэвіцкі гарадскі камітэт і ў пракуратуру раёна, дзе просяць праверыць дамовы і патрабаванні камунальшчыкаў на прадмет законнасці.
Беларускае Радыё Рацыя