Незалежнага журналіста Яўгена Скрабца выклікаюць у міліцыю



Журналісту-фрылансеру з Берасця Яўгену Скрабцу, які супрацоўнічае з нашым радыё, падчас сустрэчы з ізалятара часовага ўтрымання экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, уручылі позву ў міліцыю.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч выйшаў з ізалятара пасля адбыцця 5 сутак пакарання за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода 14 кастрычніка.

Сустракаць Мікалая Статкевіча прыйшлі некалькі актывістаў з ліку праціўнікаў пабудовы акумулятарнага завода і журналісты. Ужо праз некалькі хвілін да іх прыехалі міліцыянты, кажа Яўген Скрабец:

– Пад’ехалі грамадскія берасцейскія актывісты, прыехалі журналісты, каб сустрэць Міколу Статкевіча. Літаральна праз дзве-тры хвіліны пасля таго, як ён выйшаў, каля нас з’явіўся міліцэйскі мікрааўтобус “Газель”. Выйшла некалькі міліцыянтаў, пераважная большасць у чыне маёра, і адразу спыталі: “Скрабец тут ёсць?”. Я кажу: “Я тут ёсць, а што трэба?”. “Прайдземце з намі ў РАУС”, нібыта позву ўручыць. Я кажу: “Выносце позву сюды. Чаго мне ў РАУС ісці? Я затрыманы? Ён кажа: “Не”.

Яўген Скрабец мяркуе, што выклік у міліцыю накіраваны на тое, каб перашкодзіць яму асвятляць чарговую акцыю супраць будаўніцтва акамулятарнага завода, запланаваную на нядзелю:

– Мне прынеслі гэтую позву. Позва ў адзін з апорных пунктаў, нават не ў сам РАУС, на нядзелю. Час не ўказаны, я лічу, што гэта звязана з тым, што ў нядзелю мусіць адбыцца чарговая акцыя пратэсту. Позвы актывістам спрабавалі ўручыць, каб яны не трапілі на гэтую акцыю ў якасці пратэстоўцаў. А нам-журналістам, для таго, каб не асвятлялі гэтыя падзеі. Зараз у „Вайберы”, у чаце праціўнікаў будаўніцтва завода, вельмі эмацыйна абмяркоўваецца, каб пабольш людзей прыйшло, пасля таго, як адбыліся мінулыя затрыманні.

Як стала вядома пазней, у Берасці арыштавалі актывіста „Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Шарэнду. Актывіста затрымалі каля яго дома пасля сустрэчы з ізалятара Мікалая Статкевіча.

Акцыі праціўнікаў акумулятарнага завода адбываюцца ў Берасці кожную нядзелю ўжо некалькі месяцаў. Абураныя берасцейцы пратэстуюць супраць будоўлі акумулятарнага завода. Людзі баяцца, што завод будзе шкодзіць іх здароўю і навакольнаму асяроддзю.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце