Незалежнага журналіста з Глыбокага аштрафавалі на 4,5 мільёна рублёў
25 базавых велічынь штрафу суддзя Глыбоцкага раённага суда Ірына Казак прысудзіла незалежнаму журналісту Змітру Лупачу. У залу суда падтрымаць яго прыйшлі як мясцовыя журналісты, так і калегі з Віцебска і Менска.
Па словах Змітра Лупача, ён не згодны з рашэннем суда і будзе яго абскарджваць у вышэйшай інстанцыі:
– Я ведаў, што ў нас суд проста так не бывае, але не разлічваў на столькі, што 25 базавых, думаў можа якіх 5-10, відаць у краіне зусім дрэннае фінансавае становішча. Я вельмі рады, што да мяне прыйшлі калегі, каб падтрымаць – гэта вельмі прыемна. Калі ў мяне будзе магчымасць падтрымаць іншых, я таксама так зраблю.
На Змітра Лупача па ініцыятыве пракуратуры была распачатая адміністрацыйная справа за артыкул „Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года”, размешчаным на сайце „Еўрарадыё”. Яго вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб СМІ па артыкуле 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя