Незалежнага журналіста з Глыбокага пакаралі вялікім штрафам



36 базавымі велічынямі штрафу пакараны журналіст-фрылансер з Глыбокага Зміцер Лупач. Яго наклаў суддзя браслаўскага суда Аляксандр Вязіцкі. Журналіста зноў прыцягнулі да адказнасці па сумна вядомаму артыкуле 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”. На гэты раз у суд Змітра запрасілі тэлефонным званком і сказалі, што гэтага дастаткова.

Як кажа незалежны журналіст Зміцер Лупач, былы кіраўнік Браслава Уладзімір Дранеўскі, які ўзгадваецца ў сюжэце, быў карупцыянерам і браў вялікі хабар. Але чамусьці караюць не яго, а журналістаў, якія пра гэта распавядаюць.

– Чаму 36? Я думаю, што, пэўна, усё ж таму, што базавая 24 з паловай, лягчэй лічыць без капеек. На сённяшні дзень гэта 882 рублі. Вядома, штрафы астранамічныя для звычайнага чалавека. За цялесныя і іншыя пашкоджанні даюць меншыя сумы. Такая палітыка. Тут як не выбудоўвай абарону, на нешта разлічваць вельмі цяжка. І я думаю, тое, што два разы быў перапынак, цалкам магчыма, што суддзя робіць званок сябру, кансультуецца што і як. Бо такія справы не робяцца проста так.

Нагадаем, сёлета Зміцер Лупач прыцягваецца да адказнасці па артыкуле 22.9 КаАП ужо восьмы раз. Цяпер яго судзілі за сюжэт пад назвай “Настаўнікаў саджаюць за кветкі, а карупцыянеры Лукашэнкі застаюцца беспакаранымі”. Як аказалася, яго выявілі браслаўскія міліцыянты на сайце belsat.eu падчас маніторынгу інтэрнэту.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі