Незалежнай журналістцы з Глыбокага прысудзілі 25 базавых (абноўлена)



25 базавых велічынь або 4,5 мільёны рублёў штрафу – такі прысуд вынесла суддзя Вашчанка з раённага суда ў Глыбокім незалежнай журналістцы Таццяне Смоткінай.

Таццяна Смоткіна

Журналістку судзілі за „незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.

Распавядае Таццяна Смоткіна:

– Ніякія тлумачэнні мае не дапамаглі пра тое, што я магу збіраць інфармацыю, Канстытуцыя мне гэта гарантуе, што я з’яўляюся журналістам-фрылансерам і магу супрацоўнічаць з кім заўгодна. Далі мне 25 базавых велічынь – 4,5 мільёна беларускіх рублёў штрафу. Я не згодная і на судзе сказала, што я з абвінавачваннем не згодная і буду абскарджваць.

У дачыненні да журналісткі пачалі адміністрацыйную справу пасля з’яўлення на сайце Беларускага Радыё Рацыя матэрыяла „Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі”.

* * *

Незалежную журналістку з Глыбокага Таццяну Смоткіну 28-га ліпеня  будуць судзіць па абвінавачванні ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП частка другая – „незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.

Дакладней, за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі. Пратакол правапарушэння на Таццяну Смоткіну быў складзены 25 чэрвеня, кажа журналістка.

 – Даслалі позву, у якой пазначана, што я павінна заўтра з’явіцца а палове трэццяй. Але ў позве не пазначана, хто будзе мяне судзіць. Позва была дасланая мне яшчэ 24 ліпеня, у пятніцу, але сёння затэлефанавалі і запыталі, ці атрымоўвала я, бо позва была дасланая заказным лістом, а мяне не было дома. Па тэлефоне мне таксама сказалі, што суд адбудзецца  ў 14.30. 

Таццяна Смоткіна збіраецца абараняць свае правы без адваката і будзе настойваць на тым, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае права кожнаму грамадзяніну здабываць інфармацыю і дзяліцца ёй з іншымі.

Журналістка лічыць, што не парушыла заканадаўства, бо журналісцкая праца не супярэчыць зместу асноўнага закона краіны. Працэс над Таццянай Смоткінай адбудзецца у Глыбоцкім раённым судзе.

Беларускае Радыё Рацыя