Незалежнаму журналісту забаранілі прысутнічаць на сходзе
Кіраўнік Пастаўскага раёна Сяргей Чэпік не пусціў на сход па магчымай змене статусу пасёлка Лынтупы незалежнага журналіста Змітра Лупача. Ён сказаў журналісту, што тут і так ёсць іх мясцовая прэса, а ў Змітра няма акрэдытацыі.
Пра гэта Зміцер Лупач па тэлефоне паведаміў журналістцы Таццяне Смоткінай, якая ўваходзіць у маніторынгавую групу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
– Сказаў, што яго не пусцілі на сход. Пад’ехаў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік і сказаў, што быццам бы Змітру нельга там знаходзіцца, бо ён не мае акрэдытацыі. І што асвятляць падзеі будзе мясцовая прэса. Як кажа Зміцер, прыехала шмат міліцыянтаў. Паводле Змітра, ён усё ж такі будзе неяк спрабаваць трапіць на сход, альбо потым паспрабуе запісаць наведвальнікаў пра вынікі. Але ён нікуды не збіраецца з’язджаць і застаўся там чакаць заканчэння гэтага сходу.
Справа ў тым, што пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна хочуць надаць статус вёскі. Гарадскім пасёлкам ён лічыцца з 1967 года, цяпер там жыве каля паўтары тысячы чалавек. У мястэчку ёсць школа, аптэка, міліцыя, лясніцтва, нават метэастанцыя. Мясцовыя жыхары хвалююцца, што з наданнем статусу вёскі, усё можа прыйсці ў заняпад і некаторыя людзі пазбавяцца працы. А яе знайсці ў невялікім мястэчку цяпер вельмі складана.
Беларускае Радыё Рацыя