Іна Хоміч просіць суд праверыць адпаведнасць закона аб СМІ Канстытуцыі



Незалежная журналістка і супрацоўніца Беларускага Радыё Рацыя Іна Хоміч накіравала скаргу ў Берасцейскі абласны суд. Яна абскарджвае прысуд – 30 базавых велічыняў, які вынес ёй 1 красавіка раённы суд. Журналістку звінавацілі ў незаконным распаўсюдзе і вырабе прадукацыі СМІ. Іна Хоміч таксама просіць абласны суд звярнуцца праз  Вярхоўны суд у Канстытуцыйны, каб яны праверылі згоднасць закону аб СМІ з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Гаворка ідзе пра пункт закона аб акрэдытацыі для замежных сродкаў масавай інфармацыі.

Кажа Іна Хоміч:

–  Я лічу, што патрабаванне абавязковай акрэдытацыі не адпавядае Канстытуцыі. Паводле яе, я як грамадзянін, не тое што журналіст, магу свабодна збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Паводле міжнародных дамоў, у прыватнасці згодна з міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе ёсць нават удакладненне, што я маю такое права незалежна ад дзяржаўных межаў. То бок Рэспубліка Беларусь – мая родная краіна, якая парушае маё права без усялякіх дзяржаўных межаў распаўсюджваць інфармацыю.

Такім чынам, Іна Хоміч хоча прыцягнуць увагу да таго, што ў Беларусі абмяжоўваецца права грамадзян збіраць інфармацыю, хаця гэта гарантуецца Канстытуцыяй. За выраб інфармацыі для замежных СМІ толькі ў гэтым годзе былі пакарыныя шэсць незалежных журналістаў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя