Незалежную журналістку Аліну Літвінчук пакаралі штрафам
20 базавых велічыняў – такі прысуд вынес суддзя берасцейскага суда Андрэй Канюшка незалежнай журналістцы Аліне Літвінчук.
Журналістку судзілі паводле артыкула 22.9 „незаконны выраб прадукцыі СМІ, злоўжыванне правамі і абавязкамі журналіста” за матэрыял, які з’явіўся на сайце Беларускага Радыё Рацыя.
Распавядае Аліна Літвінчук:
– Судзілі за асвятленне мерапрыемства, якое праходзіла 8 верасня ў бібліятэцы. Гэта было сумеснае мерапрыемства польскага і беларускага боку. Арганізавала яго генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Берасці сумесна з кіраўніцтвам бібліятэкі з нагоды абмена культурным досведам, а таксама дзеля наладжвання культурніцкіх сувязяў.
Аліна Літвінчук не бачыць сэнсу ў абскарджванні рашэння суда. Як нагадвае журналістка, у перыяд з 2014 па 2016 год на яе было заведзена 7 падобных пратаколаў.
Па пяці з іх Аліну Літвінчук аштрафавалі агулам больш як на 100 базавых велічынь. Па дзвюх справах суд прызнаў, што няма доказаў віны абвінавачанай.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя