Суд над Таццянай Смоткінай пераносіцца на невядомы тэрмін (абноўлена)



8 ліпеня незалежнай журналістцы з Глыбокага Таццяне Смоткінай патэлефанавалі з раённага суда і сказалі, што 9 ліпеня суд не адбудзецца, бо ён пераносіцца. Справу аддалі на дапрацоўку ў міліцыю, паперы адтуль яшчэ не прыйшлі. Таццяне паведамілі, што пра новую дату суда апавясцяць пазней – патэлефануюць, або нейкім іншым чынам. Такая ж самая сітуацыя і ў глыбоцкага незалежнага журналіста Змітра Лупача.

* * *

Таццяну Смоткіну апыталі ў Глыбоцкім райаддзеле ўнутраных спраў. Журналістку вінавацяць у супрацоўніцтве з замежным сродкам масавай інфармацыі без акрэдытацыі і ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ (артыкул 36 закона Рэспублікі Беларусь аб СМІ і частка 2-я артыкула 22.9).

У якасці каго і з якой мэтай яе выклікалі – ў позве не было пазначана. Пра тое, што выклік звязаны з журналісцай дзейнасцю Таццяна Смоткіна даведалася ад участковага:

– Як сказаў участковы, яго паслалі да мяне паразмаўляць. Я кажу: чаму я з вамі павінна размаўляць? Вось вы там штосьці пішаце, ставіце на сайт, паколькі мне вядома, вы там штосьці паставілі, бралі інтэрв’ю ў работніка райвыканкама. Я кажу, што не памятаю, калі апошні раз брала ў работніка райвыканкама інтэрв’ю. І з Глыбоцкай пракуратуры на вас прыйшлі паперы. Я тут не пры чым, мне трэба толькі прыйсці да вас і сказаць, каб вы з’явіліся ў міліцыю. Я кажу: а чаму няма ніякага дакумента? А вам што, дакументы патрэбны? Я кажу: канешне. І ён мне затым позву ўручыў.

Дакументы прыйшлі з Глыбоцкай пракуратуры аб разглядзе справы, да якіх дададзены раздрукоўкі з сайту Радыё Рацыя з артыкулам „У Глыбокім стануць пазітыўнымі дарогі”. Журналістку вінавацяць у тым, што яна незаконна брала інтэрв’ю ў галоўнага спецыяліста аддзела ідэалогіі Таццяны Працук, адзначае журналістка:

– Мне паказалі, па-руску гэта называецца “отношение прокуратуры”, не ведаю, як гэта называецца па-беларуску, ад 11 чэрвеня 2015 года, аб разглядзе справы пра тое, што на сайце Радыё Рацыя 9.06.2015 я быццам бы размясціла без акрэдытацыі інтэрв’ю з галоўным спецыялістам аддзела ідэалогіі райвыканкама Таццянай Працук. Да гэтага дадаваліся раздрукоўкі з сайту, і артыкул называўся, як я памятаю, “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі”.

Журналістка скарысталася канстытуцыйным правам не сведчыць супраць сябе.  Старэйшы інспектар  аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла таксама запытаўся ў Таццяны, на якой мове яны будуць размаўляць:

– Перад гэтым ён сказаў: “Ну як будзем размаўляць? На расейскай мове?” Я кажу: “Не, я буду размаўляць па-беларуску, таму што мы жывем у Беларусі і павінны ўсё ж такі ведаць і карыстацца беларускай мовай, а калі вам зручна, то вы можаце размаўляць і па-расейску”. Але ў пратаколе ён напісаў, што быццам бы я пагадзілася размаўляць на расейскай мове, але я таксама зрабіла там дапіску, што мне не растлумачылі правы і абавязкі напачатку былі і я не пагаджалася на тое, каб паразмаўляць на расейскай мове, а на беларускай.

Па інфармацыі Таццяны Смоткінай, міліцыянты выклікалі таксама яе калегу – журналіста Змітра Лупача, але той адмовіўся ісці ў міліцыю без позвы.

Таццяне паведамілі, што яе будуць яшчэ раз апытваць у міліцыі, калі прыйдуць звесткі пра тое, ці ёсць у яе акрэдытацыя. Пры адсутнасці акрэдытацыі дакументы будуць накіраваныя ў суд. Глыбоцкая міліцыя яшчэ ніколі не займалася справай па такому артыкулу, таму да іх прыйшоў дакумент – узор справы Аліны Літвінчук з Берасця.

Нагадаем, сёлета ў Беларусі масава караюць вялікімі штрафамі незалежных журналістаў па артыкуле незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Tanja_2

[Not a valid template]

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя