Незалежную журналістку з Глыбокага выклікаюць у СК



Незалежную журналістку з Глыбокага Таццяну Смоткіну выклікаюць у Глыбоцкі аддзел Следчага камітэта. Ёй патэлефанаваў старэйшы следчы Юры Лаўрыновіч і прапанаваў прыйсці да іх паразмаўляць наконт незалежнага прафсаюза РЭП. Але Таццяна сказала, што пойдзе ў следчы камітэт толькі па позве.

Як кажа Таццяна Смоткіна, позву ёй прынеслі неўзабаве ў той жа дзень. У ёй паведамляецца, што яна павінна з’явіцца ў Следчы камітэт у якасці сведкі, па якой справе – не напісана.

– Учора па абедзе мне тэлефанаваў следчы Лаўрыновіч і ўгаворваў прыйсці паразмаўляць з ім наконт незалежнага прафсаюза РЭП. Я сказала, што прыйду толькі па позве. Але ён ўсё адно ўгаворваў, што гэта будзе хутка, што будынак СК знаходзіцца нападалёк ад майго дома. Было зразумела, што, напэўна, у яго нейкія ўсталяваныя межы па тэрміне. Калі я сказала, што ў мяне іншыя планы на сёння і я пайду толькі па позве, ён пагадзіўся яе даслаць. А палове на восьмую вечара ў той жа дзень мне позву прынёс міліцыянт пад распіску. На маё здзіўленне, што хутка, ён адказаў: бачыце, які ў нас сервіс. На што я падумала: няхай бы паўсюль такі хуткі сервіс быў у адносінах да людзей, а не толькі ў міліцыянтаў ды іншых унутраных органаў.

Таццяну Смоткіну выклікаюць у Следчы камітэт 9 лютага а 10:00. Некалькі дзён таму ў Следчы камітэт была выклікана яшчэ адна жанчына з Глыбокага, сябра незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці. Следчы папрасіў яе падпісаць дакумент аб неразгалошванні таямніцы следства.

Па ўсёй краіне ў Следчы камітэт выклікана і апытана ўжо каля ста сяброў незалежнага прафсаюза, на што Прэзідыум Савета Беларускага прафсаюза РЭП выказаў пратэст дзеянням Следчага камітэта і зрабіў афіцыйную заяву.

Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае