Незалежную журналістку з Берасця зноў вінавацяць у супрацы з нашым радыё



litvinchuk-alinaНезалежнай журналістцы з Берасця Аліне Літвінчук пагражае чацвёртая адміністрацыйная справа. Яна атрымала па пошце копію пратакола, складзенага супрацоўнікам міліцыі Анатолем Чарнавокім. З дакумента вынікае, што незалежная журналістка зрабіла інтэрв’ю з актывісткай Аленай Каховіч, якое пасля было размешчана “ў інтэрнэце на сайце польскай радыёстанцыі Беларускае Радыё Рацыя”. Таму яе збіраюцца абвінаваціць ў парушэнні артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за працу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Пры гэтым міліцыянты нават не сталі чакаць завяршэння трэцяй адміністрацыйнай справы журналісткі.

Гэты пратакол пакінулі ў паштовай скрыні па месцы майго пражывання. У ім паведамляецца, што пачата чарговая адміністрацыйная справа. Яна ўжо чацвёртая па ліку. Не давёўшы да лагічнага заканчэння трэцюю, дзе мяне не азнаёмілі з матэрыяламі гэтай справы і не апыталі як звінавачаную, прадстаўнікі праваахоўных органаў пачалі новую справу.

У пратаколе адзначаецца, што, паколькі Аліна Літвінчук не мае акрэдытацыі як журналіст на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, яна парушыла патрабаванне артыкула 36 Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, бо “здзейсніла незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя