Журналістку з Глыбокага Таццяну Смоткіну чакае суд



29 чэрвеня на Таццяну Смоткіну быў складзены адміністрацыйны пратакол за парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

Супраць журналісткі распачата справа за артыкул „Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі”, апублікаваны 9-га чэрвеня на сайце нашага Беларускага Радыё Рацыя.

Tanja_2-833x400

Справа ініцыявана Глыбоцкай пракуратурай. Міліцыі было дадзена даручэнне праверыць, ці мае журналістка акрэдытацыю і ці з’яўляецца яе журналісцкая дзейнасць правапарушэннем.

smotkina_pratakol

Старшы інспектар Вячаслаў Барыла ў выніку перадаў справу ў суд:

– Ні пра што не пыталіся, пазнаёмілі толькі са справай, быў складзены адміністрацыйны пратакол. Я з пратаколам азнаёмілася і напісала, што я не згодная, што у ім напісана, бо гэта супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А потым мне сказалі прыблізную дату суда, якая была адзначана і ў адміністрацыйным пратаколе – гэта 09.07.2015 года. Але мне сказалі, што дата будзе ўдакладняцца, што гэта неабавязкова.

Перададзеныя ў суд і матэрыялы адміністрацыйнай справы Змітра Лупача. Яго абвінавачваюць па тым жа артыкуле 22.9. У прыватнасці судзіць журналіста будуць за артыкул „Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў у Глыбоцкім раёне 17-га верасня 1939-га году”, размешчаны на сайце „Еўрарадыё”. Суд над Змітром Лупачам прызначаны на 10-га ліпеня.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя