Незалежную журналістку з Гомеля зноў будуць судзіць



У дачыненні да Ларысы Шчыраковай склалі новы адміністрацыйны пратакол за супрацу з “Белсатам”. Пра новую справу за незаконны выраб прадукцыі СМІ ёй паведамілі праз тэлефон міліцыянты Савецкага РАУС Гомеля.

“Пра гэта мне паведамілі праз тэлефон з Савецкага райаддзела міліцыі, — распавяла Ларыса Шчыракова службе маніторынгу ГА „БАЖ”. — Пратакол да мяне яшчэ не дайшоў. Вядома толькі, што міліцыянты склалі пратакол за відэасюжэт пра намер уладаў знесці звыш паўсотні прыватных жылых дамоў у Гомелі ў межах вуліц Багдана Хмяльніцкага — праспект Рэчыцкі — Чкалава. Такі намер уладаў выклікаў абурэнне ў шмат каго з тутэйшых жыхароў. Кіраўнікі адміністрацыі раёна і ўпраўлення архітэктуры горада мусілі збіраць 10 чэрвеня сход гараджан. Пра гэта я зняла відэа і размясціла на платформе відэахостынгавай кампаніі Youtube, некаторыя здымкі тэлеканал “Белсат” скарыстаў у сюжэце: “Чыноўнікі дазволілі будаваць жыллё, а цяпер хочуць знесці яго”.

Дата і месца суда пакуль невядомыя.

Сёлета гэта ўжо пятая адміністрацыйная справа супраць незалежнай журналісткі.