Незалежны назіральнік Аляксандр Сахарук назіраў за выбарамі з вуліцы праз бінокль



Незалежных назіральнікаў працягваюць выдаляць з выбарчых участкаў. Карыстаюцца пры гэтым не выбарчым кодэксам, а новаўвядзеннем Лідзіі Ярмошынай, што на датэрміновым галасаванні можа быць толькі тры назіральнікі.

І чамусьці лішнім аказваецца толькі незалежны, –  кажа назіральнік ад грамадзян Аляксандр Сахарук з Берасця, участак № 78, сярэдняя школа №14:

– Адціснулі на ганак школы. Свае назіральнікі, і ўсё. У першы дзень галасавання мяне выдалілі з участка, у другі, 5 жніўня, я назіраў цэлы дзень. Учора я цэлы дзень правёў тут на прыступках школы, паспрабаваў паназіраць. Пайшоў да хаты, узяў табурэтку, бінокль, але праз 40 хвілін яны здагадаліся, што трэба апусціць рольфіранкі.

Паводле Аляксандра Сахарука, графікам дзяжурстваў перад яго вачыма старшыня камісіі Наталля Каляда толькі махнула, а паказаць не паказала. Таму ён не ведае, ці будзе дапушчаны на ўчастак у апошні дзень датэрміновага галасавання або ў дзень выбараў.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя