Незалежны прафсаюз бароніць законныя правы працоўных
Цягам мінулага года намаганнямі Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці працоўным краіны вернута амаль 60 тысяч даляраў. Гэта вынік плённай працы юрыдычнай службы незалежнага прафсаюза, якая падчас судовых працэсаў паспяхова баранілі правы працоўных – сяброў арганізацыі. Як зазначае прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзімір Малей, абарона інтарэсаў працоўных у судах – адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці арганізацыі:
– Мэта любога прафсаюза – абарона законных правоў і інтарэсаў работнікаў. Гэтым і займаюцца незалежныя прафсаюзы. Калі чалавека звальняюць, і ён лічыць, што гэта несправядліва, ён самастойна звяртаецца ў пракуратуру, час праходзіць. Пракурор цягам месяца дае адказ, што работнік мусіць звярнуцца ў суд. А тэрмін абскарджвання – адзін месяц. Зразумела, што час абскарджвання ён прапускае. У выніку работнік застаецца ні з чым.
Беларускі прафсаюз работнікаў радыё-электроннай прамысловасці ўваходзіць у кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і налічвае больш за дзве тысячы сяброў. Прадстаўніцтвы арганізацыі дзейнічаюць ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня