Незалежны прафсаюз мае намер спыніць працу школьнікаў на сельгаспрацах



Прадстаўнікі прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці накіравалі адкрыты ліст міністру адукацыі Міхаілу Жураўкову. Ініцыятары звароту, размешчанага  на інтэрнэт-рэсурсе zvarot.by, звяртаюць увагу на недапушчальнасць выкарыстання прымусовай працы дзяцей. Адзін з аўтараў звароту Леанід Судаленка заўважае, што заганная практыка дзіцячай працы засталася ад савецкіх часоў.

Гэта трагедыя, якая здарылася пад Маладэчна, яскрава пацвярджае, што ў нашай краіне ў абыход усялякіх законаў прымяняецца забароненая прымусовая праца дзяцей. У нашым заканадаўстве як сказана: да 14 гадоў наогул у любым выглядзе кожная праца забароненая. З 14 гадоў Працоўны кодэкс дапускае лёгкія працы з пісьмовага дазволу аднаго з бацькоў.

Актывіст прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак спадзяецца, што зварот супраць выкарыстання дзіцячай працы падтрымаюць беларускія інтэрнэт-карыстальнікі.

Закон аб зваротах грамадзянаў абавязвае ўлады адказваць нам на гэтыя пытанні. Ну, і як паказвае практыка, такія адвакатыўныя дзеянні спрыяюць таму, каб рашэнні, якія будуць прымаць улады, былі зроблены з улікам нашага ўплыву. Бо тут мы ставім, канешне, мэтай адмену практыкі прымусовага выкарыстання дзіцячай працы ў сельскай гаспадарцы.

Праблема выкарыстання дзіцячай працы ў Беларусі актуалізавалася пасля трагічнага здарэння ў Маладэчанскім раёне ў верасні гэтага года. На калгасным полі сельгаспрадпрыемства „Усход-Агра” падчас збору бульбы грузавік наехаў на 13-гадовую Вікторыю Папчэню. У выніку атрыманых траўмаў дзяўчынка загінула на месцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель