Незалежная беларуская журналістка зноў пад пераследам
У дачыненні да незалежнай журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай пачата новая адміністрацыйная справа за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ.
Сёння, 23 лютага, журналістка наведала аддзяленне міліцыі, дзе ўчастковы Сяргей Несцяровіч паведаміў ёй пра справу, заведзеную па артыкуле “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Як распавяла Тамара Шчапёткіна, яе звінавачваюць у падрыхтоўцы інтэрв’ю з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам для Беларускага Радыё Рацыя. Паводле матэрыялаў справы, Тамара Шчапёткіна нібыта 8 студзеня 2015 года правяла з міліцыянтам гутарку, якая пазней з’явілася на сайце радыё.
– Я ў яго 8 студзеня не брала ніякага інтэрв’ю. Наогул, я інтэрв’ю з ім не рабіла. Казалі, што гэтае інтэрв’ю знаходзіцца на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Таму адказваць на якіясьці пытанні я адмовілася. Пра тое і запісаў участковы. Ён мне даў пратакол, які прыйшоў з Берасця.
Як распавяла Тамара Шчапёткіна, яе справу будзе разглядаць суд Ленінскага раёна Берасця 27 лютага а 11-й гадзіне. Летась у снежні Тамару Шчапёткіну ўжо пакаралі штрафам у 30 базавых велічыняў па тым жа артыкуле. У мінулым годзе міліцыя пачынала як мінімум 14 спраў у дачыненні да журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя