Незалежныя эксперты працуюць над развіццём Гомельшчыны



У Гомелі група незалежных экспертаў распрацоўвае прапановы да дзяржаўнай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2016-2020 гады.

Сярод прыярытэтаў даследчыкаў – пытанні адукацыі, рэгіянальнай эканомікі і дэмаграфіі. Паводле эксперта ўстановы „Стратэгічная думка” Аляксея Харкевіча, для працы над праграмай далучыліся найбольш аўтарытэтныя эксперты рэгіёна:

– У гэтым годзе заканчваецца бягучая праграма, якая разлічана на пяць гадоў. Улады вырашылі максімальна падключыць грамадскасць. Ёсць шэраг праграм, якія рэалізуюцца разам з Еўракамісіяй. „Стратэгічная думка” вырашыла ўключыцца ў гэты працэс. Калі ўжо органы ўлады прынялі ў гэтым годзе такую ініцыятыву, намагаючыся высветліць меркаванне грамадскасці, то я спадзяюся, што асобныя палажэнні нашых рэкамендацый будуць прынятыя і рэальна ўвасоблены ў жыццё.

Кіраўнік экспертнай каманды Юрый Варонежцаў прыводзіць прыклад бізнес-ідэі, якая магла б даць імпульс для развіцця рэгіянальнай эканомікі:

– Даўно ўжо абмяркоўвалася ідэя стварэння ў Гомельскай вобласці вялікага лагістычнага комлекса, які ўключаў бы некалькі мультымадальных транспартных лагістычных цэнтраў, бо ў нас тут стык трох краін, і было б лагічна тут развіваць гэтыя цэнтры не толькі, як нейкія перавалачныя базы грузаў, але ў перспектыве як вялікія гандлёвыя цэнтры.

Грамадская ініцыятыва па выпрацоўцы рэкамендацыяў да Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельшчыны стартавала ў канцы мінулага года пад эгідай агенцыі рэгіянальнага развіцця „Стратэгічная думка”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель