Незалежныя назіральнікі ў Глыбокім лічаць выбарцаў каля ўчасткаў для галасавання



Але ў першы дзень датэрміновага галасавання іх усіх пусцілі на ўчасткі. Праўда, ненадоўга – дзеля таго, каб стварыць “прыгожую карцінку” для дзяржаўных СМІ. Бо ў гэты дзень на другі выбарчы ўчастак у Глыбокім, які месціцца якраз у будынку сярэдняй школы №2, прыязджалі праўладныя журналісты.

Пасля гэтага незалежным назіральнікам сказалі сысці з участкаў, бо там ужо і так ёсць тры “свае” назіральнікі.

 Кажа назіральнік Вадзім Хлус ад кампаніі “Права выбару”:

– Дапусцілі нас толькі адзін раз – 4 жніўня, бо прыязджалі праўладныя журналісты. І каб паказаць прыгожую “карцінку”, ім патрэбна было, каб там сядзелі незалежныя назіральнікі. Далей нас ужо не пускаюць. Нас праганяюць. Мы з боем прабіліся да пратаколу. Вельмі вялікая яўка. Мне далі звесткі, што 2 351 чалавек зарэгістраваны на другім участку. Калі яны будуць па 123 чалавекі галасаваць, то ўявіце, яны хочуць, каб палова на датэрміновых была.

Як кажа незалежная назіральніца Людміла Барэйка, іх лічбы падліку тых, хто прагаласаваў датэрмінова на другім участку ў Глыбокім, значна разыходзяцца з тымі, што падае камісія ў пратаколах.

– Па нашых падліках атрымалася 49 чалавек. У пратаколе мы ўбачылі 123. Гэта ідзе адразу вялікае завышэнне колькасці прагаласаваўшых, то бок фактычна фальсіфікацыя.

РР: Больш за 50 адсоткаў яны завышаюць.

– Атрымліваецца, што яны ўжо завышаюць не 50 адсоткаў, ужо атрымліваецца недзе 70, пад 80 яны завышаюць яўку.

Па словах назіральнікаў, датэрмінова галасаваць масава прыходзяць міліцыянты, работнікі МЧС, турмы, райвыканкама і некаторыя пенсіянеры.

На тэрыторыі Глыбоцкага раёна знаходзяцца 29 участкаў для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, шэсць з іх месцяцца ў горадзе. У  склад камісій у асноўным  уваходзяць настаўнікі, кіраўнікі адукацыйных ды іншых установаў і прадпрыемстваў горада, іх намеснікі і ідэолагі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Месца, з якога незалежныя назіральнікі лічылі выбарцаў у першы дзень датэрміновага галасавання

Кабінкі для галасавання на другім участку ў Глыбокім

Заява-просьба пра арганізацыю назірання ад незалежнай назіральніцы Людмілы Барэйка да старшыні выбарчай участковай камісіі

Такім чынам апячатваюць дзверы на выбарчым участку

Выніковы пратакол за 4 жніўня

Выніковы пратакол за 5 жніўня

Адначасова з выбарамі ў школе ладзіцца летнік для дзяцей

Абвестка пра святочны канцэрт на выбарчым участку

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота прадастаўленыя назіральнікамі