Незалежныя СМІ патрабуюць ад уладаў Беларусі спыніць пераслед журналістаў



Прадстаўнікі недзяржаўных СМІ Беларусі заклікалі ўлады спыніць пераслед журналістаў. Адпаведны зварот накіраваны 21 ліпеня міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву, генпракурору Аляксандру Канюку, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай і міністру інфармацыі Ігару Луцкаму.

У ім адзначаецца, што „апошнія месяцы сталі перыядам вельмі жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да журналістаў незалежных выданняў у Беларусі”. „Падчас прэзідэнцкай кампаніі 43 карэспандэнты дзясяткаў СМІ былі затрыманыя пры выкананні службовых абавязкаў. Апошняй кропляй стала жорсткае затрыманне журналіста „Радыё Свабода” Антона Трафімовіча ў цэнтры Менска 15 ліпеня пасля відэастрыму ад ЦВК. Пры затрыманні супрацоўнікі міліцыі зламалі яму нос. У дачыненні да Антона вядзецца адміністрацыйнае справаводства па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы)”, — гаворыцца ў звароце.

Затрыманні журналістаў, якія працуюць на вулічных акцыях, адбываліся ў розных гарадах краіны, некаторыя — нават у прамым эфіры, на вачах у дзясяткаў тысяч гледачоў, падкрэсліваюць прадстаўнікі СМІ.

„Гэтыя дзеянні, — адзначаюць яны, — парушаюць арт. 198 Крымінальнага кодэкса, якая вызначае адказнасць за „перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста”, і маюць адну мэта — запалохаць журналістаў і паказаць ім і ўсяму грамадству, што законы не працуюць, калі ёсць больш высокія палітычныя інтарэсы”.

„Аднак бессаромнасць гэтых дзеянняў вядзе да адваротнага эфекту. Цынічнае жаданне паказаць грамадзянам, наколькі яны безабаронныя перад уладай, у першую чаргу дыскрэдытуе саму ўладу”, — перакананыя аўтары звароту.

Журналісты выказваюць „падтрымку і салідарнасць з усімі нявінна затрыманымі, збітымі, прыніжанымі”, а таксама падкрэсліваюць, што працягнуць выконваць свой прафесійны абавязак.

„Мы патрабуем, каб улады спынілі пераслед журналістаў незалежных выданняў, а сілавікам хочам нагадаць, што, затрымліваючы журналістаў пры выкананні імі сваіх прафесійных абавязкаў і прымяняючы да іх сілу, вы не толькі парушаеце закон, але і самі здзяйсняеце злачынства”, — гаворыцца ў звароце.

Прадстаўнікі недзяржаўных СМІ таксама інфармуюць, што „зварот да кіраўніка ГУУС Менгарвыканкама Івана Кубракова, камандзіра атрада АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы, намесніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова па гэтым пытанні аказаўся безвыніковым”, а прэс-служба МУС анансавала сустрэчу прадстаўнікоў міністэрства з журналістамі, якія працуюць на масавых мерапрыемствах, але сустрэча так і не адбылася.

Зварот падпісалі журналісты і рэдактары парталаў tut.by, onliner.by, nn.by, „Радыё Свабода”, БелаПАН, tribuna.com, dev.by, realt.by, marketing.by, 24health.by, outride.rs,” Еўрарадыё”, газет „Народная Воля”, „Комсомольская правда” в Белоруссии”, „Новы Час”, „Прессбол”, „Рэгіянальная газета”, „Народныя навіны Віцебска”, тэлеканалаў „Белсат” і „Настоящее время”, сайтаў „Салідарнасць”, „Сильные новости”, „МогилевОнлайн”, reform.by, „Идея Консалт”, bdg.by, Беларускай асацыяцыі журналістаў, „Прэс-клуба Беларусь”, Беларускага дакументацыйнага цэнтра, часопісаў „Большой” і Office life, а таксама журналісты-фрылансары і блогеры — усяго 213 чалавек.

belapan.by