Незалежныя СМІ: старыя праблемы і новыя выклікі 



Пра свабоду слова, старыя і новыя пагрозы, цэнзуру і паліткарэктнасць размаўлялі ў Полацку. На сустрэчу з палітычным аглядальнікам “Радыё Свабода” і супрацоўнікам тэлеканала “Белсат” Віталём Цыганковым прыйшло каля трыццаці чалавек. Імрэзу ў кавярні “Раздол” ладзіў інфармацыйна-культурны цэнтр “ІніцыАрт” на чале з Вольгай Дамаскінай.

Як лічыць Віталь Цыганкоў, у Беларусі няма свабоды прэсы. Там ёсць незалежныя СМІ, якія намаганнямі ўлады не з’яўляюцца вельмі масавымі, бо ўлада з ёй увесь час змагаецца.

– Улада робіць абсалютныя эканамічныя, адміністрацыйныя перашкоды для незалежнай прэсы і перавагі для ўласнай – дзяржаўнай прэсы. У Беларусі, напрыклад, ніводнага грамадска-палітычнага дзяржаўнага тэлеканалу прыватнага няма. Усе тэлеканалы фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту і так далей. Пры гэтым, канешне, беларускія чыноўнікі скажуць, што ў нас тысячы незалежных выданняў, але ўсе гэтыя выданні ў стылі “Сад і агарод” , у стылі “Жук і жаба”.

Паводле Віталя Цыганкова, улада пільна сочыць за тым, каб незалежная прэса не пераходзіла пэўнай рысы папулярнасці. Але праблемы са свабодай прэсы і дзяржаўным ціскам пазітыўным чынам адбіваюцца на іміджы беларускіх журналістаў. Калі ў Расеі ды ва Украіне  пасля кампрамантных войнаў і прапаганды адбылося рэзкае зніжэнне іміджа журналістаў, то ў Беларусі захавалася стаўленне да недзяржаўных журналістаў, як да людзей, якія змагаюцца за свабоду прэсы і за праўду.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя