Нідэрланды перададуць у заказнік „Налібоцкі” 50 дзікіх коней пароды Konik



Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі і Дзяржаўная служба лясоў Нідэрландаў наладзяць узаемадзеянне ў прыродаахоўнай сферы, паведаміла прэс-служба Менлясгаса.

Першым знакавым праектам стане перадача дзікіх коней пароды Konik рэспубліканскаму ландшафтнаму заказніку „Налібоцкі”. Адпаведная дамоўленасць была дасягнутая ў гэтым месяцы падчас афіцыйнага візіту ў Беларусь дэлегацыі з Нідэрландаў.

Гаворка, у прыватнасці, ідзе пра супрацоўніцтва ў галіне найноўшай прыродаахоўнай канцэпцыі — рэвайлдынгу. Яна прадугледжвае паэтапнае аднаўленне характэрных для рэгіёна высокапрадуктыўных экасістэм шляхам вяртання буйных жывёл у месцы іх спрадвечнага арэалу.

Першымі такімі жывёламі стануць дзікія коні пароды Konik. Нідэрланды плануюць перадаць больш за 50 асобін гэтага віду. Зараз бакі рыхтуюць усе неабходныя дакументы. Чакаецца, што жывёлы прыбудуць у Беларусь у пачатку лета, пасля чаго пачнецца іх адаптацыя.

Як адзначыў у час візіту дырэктар запаведніка OOstvaardersplassen Воўтэр Вубен, у Нідэрландаў няма сумненняў у тым, што коні патрапяць у добрыя ўмовы.

„Мы асабіста наведалі рэспубліканскі ландшафтны заказнік „Налібоцкі” і пераканаліся ў тым, наколькі багатую экасістэму ён мае. На тэрыторыі заказніка пражываюць і зубры, і алені, і многія іншыя віды, а ў хуткім часе паселяцца яшчэ і дзікія коні. Мне здаецца, гэта можа паслужыць добрым пачаткам для супрацоўніцтва па захаванні прыродных рэсурсаў”, — падкрэсліў Вубен.

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік „Налібоцкі” — гэта дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова, размешчаная на тэрыторыі Налібоцкай пушчы — аднаго з самых вялікіх лясных масіваў у Беларусі і ва ўсёй Усходняй Еўропе. РЛЗ „Налібоцкі” знаходзіцца на захадзе краіны, за 65 км ад Мінска і займае плошчу 86,9 га, з’яўляючыся адным з найбуйнейшых заказнікаў у краіне. У заказніку сёння жывуць больш за 50 відаў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго на яго тэрыторыі зарэгістраванае пражыванне шэрагу відаў жывёл і птушак занесеных у Чырвоную кнігу Еўропы.

belapan.by