Нікога нельга будзе фатаграфаваць без дазволу?



Канстытуцыйны суд прапанаваў заканадаўча абараніць грамадзян ад несанкцыянаванай фота- і відэаздымкі.

30 кастрычніка КС прыняў і апублікаваў рашэнне „Аб прававым рэгуляванні ў грамадзянскім заканадаўстве выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна”.

„У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны кожнага грамадзянска-прававымі сродкамі ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, ліквідацыі прававой недакладнасці ў прававым рэгуляванні выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна ў грамадзянскім заканадаўстве прызнана неабходным унясенне адпаведных змяненняў у Грамадзянскі кодэкс”, — адзначае КС.

Вытворчасць па справе была пачатая на падставе зваротаў Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў і грамадскага савета пры Міністэрстве ўнутраных спраў, у якіх пастаўлена пытанне аб наяўнасці прававой недакладнасці ў нормах Грамадзянскага кодэкса, звязанай з забеспячэннем гарантый права грамадзяніна на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё.

У звароце Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў указваецца, што распаўсюджванне выяў грамадзян, вырабленых з дапамогай фота- і відэаздымкі, у СМІ і інтэрнэце ў шэрагу выпадкаў спалучана з парушэннем іх правоў і законных інтарэсаў. Выкарыстанне выявы грамадзяніна без яго згоды з’яўляецца уварваннем ў яго прыватнае жыццё, а таксама парушэннем права на асабістую тайну.

Грамадскі савет пры МУС лічыць неабходным забяспечыць права грамадзян на абарону ад незаконнага ўмяшання ў іх асабістае жыццё, „у тым ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС, якія знаходзяцца пры выкананні службовых абавязкаў, устараніўшы нявызначанасць у прававым рэгуляванні адпаведных адносін”.

КС адзначае, што да ахоўных Канстытуцыяй нематэрыяльных даброт адносіцца і „знешняе аблічча чалавека, што належыць яму ад нараджэння, якое не адчужаецца і не перадаецца іншым спосабам, а таксама заснаванае на ім права на выяву грамадзяніна”. „Як самадастатковае асабовае нематэрыяльнае дабро, выява грамадзяніна ўяўляе сабой яго знешняе (індывідуальнае) аблічча ў аб’ектыўнай форме, напрыклад у творы выяўленчага мастацтва, на фатаграфіі або ў відэазапісе ў пэўны момант часу”, — падкрэсліваецца ў рашэнні.

На думку Канстытуцыйнага суда, нормы грамадзянскага заканадаўства павінны не толькі ўстанаўліваць спосабы аховы канкрэтнай выявы грамадзяніна, зафіксаванай на матэрыяльным носьбіце, але і вызначаць рэжым выкарыстання выявы грамадзяніна іншымі асобамі.

КС лічыць, што ў дзейным заканадаўчым рэгуляванні ёсць „прававы дэфект, абумоўлены адсутнасцю ў грамадзянскім заканадаўстве належнага прававога механізму забеспячэння кожнаму аховы яго выявы, з прычыны чаго ў працэсе правапрымянення гэта можа прывесці да парушэння канстытуцыйных правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян”.

„У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны кожнага грамадзянска-прававымі сродкамі ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, ліквідацыі прававой недакладнасці ў прававым рэгуляванні выкарыстання і аховы выявы грамадзяніна ў грамадзянскім заканадаўстве Канстытуцыйны суд прызнаў неабходным унясенне адпаведных змяненняў у Грамадзянскі кодэкс”, — гаворыцца ў паведамленні.

Савету міністраў прапанавана падрыхтаваць праект закона аб унясенні змяненняў у Грамадзянскі кодэкс і ўнесці яго ў Палату прадстаўнікоў.

25 траўня 2018 года ў Еўразвязе набыў моц Генеральны рэгламент аб абароне персанальных дадзеных, які, у прыватнасці, забараняе публікацыю выяў трэціх асоб без іх пісьмовай згоды.

belapan.by