Ніна Багінская: Людзі стаміліся ад дыктатуры
Сярод удзельнікаў велізарнага маршу пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і ў падтрымку Святланы Ціханоўскай, які адбыўся ў Менску 27 верасня, у асноўным моладзь. Але нямала і людзей сталога ўзросту.
Легендарная Ніна Багінская, якой ужо 73 гады, зноў выйшла з бел-чырвона-белым сцягам, нягледзячы, што літаральна 26 верасня, на Жаночым маршы, яе затрымліваў спецназ, адбіраў сцяг.
– Два сцягі мне апошнія аддалі. Учора не зламалі, аддалі. Так што міліцыя, я ўжо гляджу, не так моцна, але ўжо пачала глядзець на народ. І той лозунг, што мы з Пазьняком ставілі – “Міліцыя з народам” – ужо пачаў дзейнічаць. Ну, а я буду хадзіць, што мне застаецца? Я ж хачу назіраць, як моладзь пачала новы віток адраджэння. І хачу ў ім удзельнічаць. Вось я таму хаджу са сцягам. І буду хадзіць, пакуль ногі мяне носяць.
Па словах Ніны Багінскай, гэтыя дэманстрацыі недарэмныя. „Такая масавасць і ўпартасць прывядзе ў рэшце рэшт да перамогі. Таму што людзі ў большасці ўжо стаміліся ад гэтай дыктатуры,” – кажа Ніна Багінская.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: svaboda.org