Ніна Багінская: Ніхто не рызыкуе купляць маё лецішча…
Грамадская актывістка Ніна Багінская выказала сваё меркаванне з нагоды таго, чаму не знайшлося пакупнікоў на яе лецішча.
Нагадаем, аўкцыён па продажы канфіскаванага лецішча вядомай грамадскай актывісткі Ніны Багінскай, які мусіў прайсці 17 жніўня, не адбыўся. Не знайшлося ніводнага пакупніка.
Ніна Багінская: Я наогул хацела ігнараваць аўкцыён у Смалявічах, на якім хацелі прадаць маё лецішча з-за пазыкаў за накладзеныя штрафы, але, у рэшце рэшт, мне параілі прыехаць туды. Тым больш, моладзь з нагоды аўкцыёна ладзіла пікет.
РР: Чаму, на ваш погляд, не знайшлося ніводнага пакупніка на лецішча? У вас ёсць гэтаму нейкае тлумачэнне?
Ніна Багінская: Па-першае, магчыма, улада і не збіраецца шукаць нейкіх пакупнікоў, а ўвесь гэты спектакль зрабілі дзеля таго, каб застрашыць грамадскіх актывістаў. Маўляў, паглядзіце, што будзе з тымі, хто не згодны маўчаць у анучу, а публічна выказвае сваю пазіцыю. Але, хутчэй за ўсё, ніхто не рызыкуе купляць маё лецішча. Гісторыя, дзякуючы СМІ, набыла вялікі рэзананс, а таму чалавек, які можа і хацеў бы купіць дамок з участкам, сто разоў падумае, перш чым гэта зрабіць. Ён жа затым будзе пакутаваць праз гэтую пакупку. Ні я, ні мае сябры не супакоімся і будзем абскарджваць у розных інстанцыях рашэнні па канфіскацыі і продажу лецішча яшчэ доўгі час. Натуральна, пакупнік нерухомасці не хоча мець дадатковых праблем. Навошта яму гэта? Вось і няма на мой дамок жадаючых.
РР: Будзе яшчэ адзін аўкцыён?
Ніна Багінская: Так, мне сказалі, што пазней паведамяць пра тэрміны. Але, думаю, і лёс наступнага аўкцыёна будзе такі ж, як і гэтага.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя