Ніводзін пацыент з брытанскім штамам у Беларусі пакуль не шпіталізаваны



Пацыентаў, у якіх быў выяўлены брытанскі штам каронавірусу, не шпіталізавалі, – распавёў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Ён заклікаў не панікаваць у сувязі з выяўленнем носьбітаў новага штаму ў Беларусі.

Даследчыкі ў шэрагу краін сцвярджаюць, што брытанскі штам больш заразны. Акрамя таго, лічыцца, што ён можа выклікаць больш цяжкае цячэнне хваробы і часцей вядзе да смяротнага выніку. Міністр Піневіч дапусціў, што бліжэйшым часам можа здарыцца рост захворвання. „Але ён у большай ступені звязаны з вясновым уздымам, што напластоўваецца на сезонныя захворванні, характэрныя для нашай краіны”, — сказаў ён. Па словах міністра, сістэма аховы здароўя ў гатоўнасці. Акрамя таго, ён папярэдзіў, што „маскавы рэжым застанецца ў нас як мінімум да летняга сезону, а можа, і больш”.

Беларускае Радыё Рацыя