Ніякіх вяселляў і памінак



У Менску зацвердзілі план дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнні распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19. Адпаведнае рашэнне было прынятае 7 красавіка Менгарвыканкамам, піша Tut.by.

Арганізацыі і прадпрыемствы

Прадпрыемствы і арганізацыі павінны не дапускаць да працы супрацоўнікаў з прыкметамі рэспіраторных інфекцый.

Нарады, семінары і пасяджэнні павінны праводзіцца з выкарыстаннем аўдыё- і відэаканферэнцый. Выезд супрацоўнікаў у камандзіроўкі не дапускаецца.

Масавыя мерапрыемствы

У бібліятэках спыняюць працу чытальныя залы. У музеях і выставачных комплексах забараняецца правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Таксама адмяняецца правядзенне выставак, прэзентацый, кірмашоў і іншых мерапрыемстваў.

Дзіцячыя сады, школы і ВНУ

Дзіцячыя сады працягнуць працаваць, але бацькі могуць прыняць рашэнне не вадзіць дзіця ў сад, пры гэтым за iм захоўваецца месца, а плату не бяруць. Пры гэтым у садках просяць прадугледзець меры, накіраваныя на «раз’яднанне дзяцей». Супрацоўнікі дзіцячага садка павінны абмежаваць сваё перамяшчэнне адной групай.

Бацькі школьнікаў таксама маюць права самі вырашаць, адпраўляць сваё дзіця ў школу ці не. У школе дзеці павінны знаходзіцца толькі ў сваім класе і не кантактаваць з іншымі.

Іншым установам адукацыі і ВНУ рэкамендавана перайсці на дыстанцыйнае навучанне ці заняткі па індывідуальным графіку. У выхадныя студэнты павінны знаходзіцца па месцы пражывання – дома ці ў інтэрнаце, і не пакідаць яго. У інтэрнаты забаронены ўваход для старонніх. Спартабʼекты навучальных устаноў нельга наведваць староннім.

Дамы-інтэрнаты і гасцініцы

У дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў уводзіцца забарона на наведванні. Персанал і жыхары павінны выкарыстоўваць маскі.

У гасцініцах адміністрацыя павінна забяспечыць засяленне з максімальным аддаленнем – на розных паверхах, у розных канцах калідора. У пастаяльцаў павінны штодня цікавіцца станам здароўя і вымяраць тэмпературу.

Грамадскае харчаванне

У абʼектах грамадскага харчавання сталы павінны стаяць на адлегласці адзін ад аднаго не менш за 1,5 метра. Таксама патрабуецца забяспечыць перапынак не менш за 60 хвілін для правядзення дэзынфекцыі памяшканняў і абсталявання.

Заказныя мерапрыемствы (карпаратывы, памінкі, вяселлі і інш.) павінны быць адмененыя.

Дэзынфекцыя

У падʼездах жылых дамоў трэба праводзіць уборку з выкарыстаннем мыйных і сродкаў дэзынфекцыі: павінны апрацоўвацца дзвярныя ручкі, поручні, выключальнікі, панэль кіравання ліфтам.

Грамадскі транспарт таксама павінен праходзіць абавязковую дэзынфекцыю.