Нобелеўскі прамень
Сярод жахаў навакольнай вайны, лютасці татальных рэпрэсій у Беларусі і нават суцэльнага змроку надвор’я снежаньскіх кароткіх дзён, сярод усёй гэтай цемры 2022 года маленькім праменьчыкам святла стала ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру ў сталіцы Нарвегіі Осла, якое праходзіла днямі. Дні ўганаравання лаўрэатаў, сярод якіх і беларус Алесь Бяляцкі, кранулі сваёй унікальнасцю і непаўторнасцю. Сімвалічна, што гэта праходзіла менавіта ў суровай кліматычна Нарвегіі, якая ў свой час прайшла той шлях вызваленння і Адраджэння, які ў Беларусі яшчэ наперадзе.
Узнагароду ўкраінскай і расейскай праваабарончым арганізацыям атрымлівалі іх лідары. Узнагароду Алесю Бяляцкаму атрымлівала яго жонка Наталля Пінчук. Галоўнай суправаджальнай асобай на шматлікіх урачыстых мерапрыемствах, прэс-канферэнцыях і сустрэчах быў Яўген Вапа, старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы, даўні, яшчэ з рамантычнай маладосці, блізкі сябра сям’і Бяляцкіх. Гэта яскрава падкрэслівала між іншым і еднасць беларусаў па розны бок мяжы.
Упершыню ў гісторыі ўручэння Нобелеўскіх прэмій у галоўнай залі найбольш прэстыжнай на планеце ўзнагароды ў час прамовы Наталлі Пінчук гучала беларуская мова. Гэта слухаў кароль Нарвегіі Харальд Пяты, гэта слухаў увесь нобелеўскі камітэт, шматлікія запрошаныя госці, праваабаронцы і журналісты, гэта слухаў праз трансляцыю ўвесь свет. І гэтая падзея будзе ўжо залатымі літарамі ўпісаная ў гісторыю Беларусі назаўсёды.
Сама прамова Наталлі Пінчук ад імя Алеся Бяляцкага працінала да глыбіні душы сваёй пранікнёнасцю, вытрыманасцю, цвёрдасцю і сентыментальнасцю адначасна. У многіх прысутных на вачах стаялі слёзы. Цяжка сказаць, ці адчуваў на адлегласці ў вязніцы Алесь Бяляцкі тыя флюіды падтрымкі, якія пасылалі яму ў сваіх сэрцах і розумах у момант прамовы Наталлі тысячы розных людзей, але прынамсі хочацца ў гэта верыць. Надзея на тое, што ўлады ўсё ж схамянуцца і прынамсі зменяць меру стрымання нобелеўскаму лаўрэату, хоць бы выпусцяць пад хатні арышт, пакуль не спраўдзіліся. Няма ў гэтай улады ні спагады, ні розуму, ні волі да нечага лепшага, акрамя звыклай дубіны рэпрэсій і пераследу, акрамя таго зла, якое яна толькі множыць.
Нобелеўская прэмія міру, справядліва прысуджаная персанальна Алесю Бяляцкаму, адначасна стала маральнай сатысфакцыяй і духовай падтрымкай цэламу пакаленню беларускіх адраджэнцаў 1980-ых гадоў, многія з якіх і надалей працягваюць ахвярнае змаганне за незалежнасць, справядлівасць, дэмакратыю і правы чалавека. Многія з якіх, як і ўласна сам Алесь Бяляцкі, зараз у зняволенні толькі за тое, што асмеліліся публічна казаць ПРАЎДУ і рабіць ДАБРО. А такія, здавалася б, простыя рэчы, як казаць праўду і рабіць дабро – насамрэч найбольш складаныя ў нашым няпростым жыцці. Настолькі, што далёка не ўсе годна вытрымліваюць сваё пакліканне на гэтым шляху. Алесь жа Бяляцкі застаецца верным сваім ідэалам і місіі надалей.
Гісторыю айчыннай праваабароны трэба пісаць ад Мікалая Радзівіла Чорнага ў сярэднявеччы да Алеся Бяляцкага ў наш час. Старыя дысідэнты дваццатага стагоддзя натхнілі Бяляцкага, Бяляцкі разгарнуў прававую абарону. Разам з аднадумцамі і паплечнікамі ён стварыў дзейсную і эфектыўную арганізацыю, якая выразна сцвердзіла права грамадзян на абарону ад беззаконня ўладаў, ад рэпрэсій з боку сілавых структур, ад свавольства чыноўнікаў, ад карнай машыны дзяржавы. Бо права на абарону – гэта святое права кожнага чалавека. І Алесь Бяляцкі зрабіў з усіх беларусаў-сучаснікаў ці не найбольш, ахвяруючы асабістым, пакутуючы ў зняволенні за праўду і справядлівасць.
Невядома, куды павернецца кола гісторыі ў агляднай будучыні, як складзецца лёс беларускай нацыі ў бягучым стагоддзі. Што чакае кожнага з нас. Але хочацца верыць, што пасля кволых праменьчыкаў надзеі ўрэшце паўнацэнна «загляне сонца і ў наша ваконца», што для ўсіх, хто прагне «людзьмі звацца», прыйдзе Вясна…
Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік „Ніва”