Нобелеўскую прэмію міру ўручылі за барацьбу з сексуальным гвалтам
У Осла абвешчаны лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру за 2018 год. Узнагарода прысуджана Дэнісу Муквеге з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Надзі Мурад з Ірака за намаганні, накіраваныя на спыненне выкарыстання сексуальнага гвалту як зброі ў войнах і канфліктах.
Дэніс Муквеге — гінеколаг, які займаецца аказаннем дапамогі тым, хто перажыў сексуальны гвалт падчас узброеных канфліктаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.
Надзя Мурад — езідка, якая знаходзілася ў сексуальным рабстве ў баевікоў тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава». Гісторыя Мурад, якой удалося вызваліцца, атрымала шырокі розгалас і дазволіла прыцягнуць увагу да сітуацыі з езідскімі жанчынамі.
Дэніс Муквеге і Надзя Мурад раней былі ўганараваныя прэміяй Сахарава. Муквеге атрымаў гэтую ўзнагароду ў 2014 годзе, а Мурад — у 2016 годзе.
