“Ноч расстраляных паэтаў-2019” у Курапатах



Сотні чалавек прыйшлі на “Ноч расстраляных паэтаў 2019” ва ўрочышчы Курапаты. На “Галгофе” мемарыяла з вершамі, песнямі і прамовамі выступалі палітыкі, грамадскія дзеячы і творчая інтэлігенцыя.

Акцыя ладзілася ў памяць забітых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937. Пра тое, каго згубіла тады беларуская нацыя, кажа адзін з арганізатараў “Ночы расстраляных паэтаў” Зміцер Дашкевіч:

– Эліту нацыі. Што такое паэты і пісьменнікі на пачатку мінулага стагоддзя? Гэта былі і палітыкі, і навуковыя дзеячы, яны пісалі кнігі, пісалі падручнікі. Гэта была палітычна-грамадская і нацыянальная эліта. Уся вынішчаная. З 238 літаратараў эпоху Сталіна перажыло 20. Гэта проста немагчыма зразумець, як пасля гэтага мы нават можам жыць. Як пасля гэтага мы паўсталі. Гэтага немагчыма зразумець. Камуністы думалі, што яны знішчылі нас у Курапатах. Але Бог пасмяяўся з іх, і праз Курапаты мы пачалі наноў жыць у канцы 80-х – 90-х, але нешта не дарабілі.

Урочышча Курапаты – месца масавых расстрэлаў часоў “сталінскіх рэпрэсій” пад Менскам. Шырокаму колу грамадства пра трагедыю ў гэтым лесе стала вядома напрыканцы 1980-х гадоў, дзякуючы дзейнасці Беларускага Народнага Фронту. Неўзабаве ва ўрочышчы паўстаў мемарыял. На “Ночы расстраляных паэтаў-2019” ля крыжоў мемарыялу запалілі знічкі, а ўзгорак – “Галгофу” ўпрыгожылі вялікім бел-чырвона-белым сцягам. Гэта ўжо трэцяя па-ліку акцыя памяці, якая праводзіцца штогод з 29 на 30 кастрычніка.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота Міколы Ляшкевіча