„Ноч расстраляных паэтаў” у Курапатах
Зміцер Дашкевіч распавёў пра ідэю правесці “Ноч расстраляных паэтаў” у Курапатах.
„Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года – чорная ноч у гісторыі Беларусі. За адну толькі ноч савецкія спецслужбы расстралялі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі – літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў. Сярод знішчаных камуністамі такія выбітныя творцы як Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валер Маракоў і многія іншыя. Такога злачынства ня ведае гісторыя ніводнай еўрапейскай дзяржавы.
Дзеля ўшанавання памяці нявінна забітых паэтаў і пісьменнікаў давайце збярэмся 29 кастрычніка ў Курапатах. Фармат вельмі сціплы і годны: чытаем творы рэпрэсаваных саветамі літаратараў, сучасныя творы на адпаведную тэматыку. Чытанні будуць праходзіць з 20-ай да 24-ай гадзіны з таго боку Курапатаў, дзе бульбашжор “Поедем-поедим”. Збіраемся ля 6-метровых крыжоў, якія ўсталёўвалі сёлета.”
У “Ночы расстраляных паэтаў” чакаецца ўдзел многіх вядомых пісьменнікаў, паэтаў і музыкаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота facebook.com/zm.dashkevich