Новая хваля пераследу журналістаў-фрылансераў у Гомелі



Адразу некалькі адміністрацыйных працэсаў у дачыненні да журналістаў-фрылансераў распачата на Гомельшчыне. Незалежных журналістаў Ларысу Шчыракову і Кастуся Жукоўскага вінавацяць у незаконным вырабе інфармацыйнай прадукцыі.

Ларыса Шчыракова мяркуе, што новая хваля пераследу ініцыяваная мясцовымі ўладамі:

– Магчыма гэта спецыфіка Гомеля, бо пераследуюць толькі нас з Жукоўскім. Тут заўсёды было жорсткае, бескампраміснае стаўленне  да журналістаў-фрылансераў.

Праваабаронца Леанід Судаленка не верыць у самадзейнасць гомельскіх чыноўнікаў у справе пераследу журналістаў:

– Не думаю, што гэта ініцыятыва мясцовых уладаў. Вертыкаль улады ў Беларусі пабудавана такім чынам, што на месцах ніхто не чыхне насупраць Лукашэнкі. Каб не было адмашкі зверху, ніхто б журналістаў не пераследаваў.

Ларыса Шчыракова стала першай беларускай журналісткай-фрылансерам у гэтым годзе, якую аштрафавалі на 22 базавыя велічыні. Яе калегу Кастуся Жукоўскага будуць судзіць адразу ў трох раёнах Гомельскай вобласці за падрыхтоўку сюжэтаў на сацыяльныя тэмы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота ghall.com.ua