Новая крымінальная справа для Андрэя Бандарэнкі
Новая крымінальная справа распачата супраць зняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі ў Магілёўскай турме №4. Яна заведзена па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу – злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.
Стваральнік грамадска-асветніцкай арганізацыі „Платформа Іннавэйшн” Бандарэнка раней быў асуджаны на 3 гады зняволення па артыкуле аб хуліганстве. Аднак шэраг праваабаронцаў лічыць, што гэта стала вынікам правакацыі. Даведаўся пра новую крымінальную справу бацька зняволенага – Валер Бандарэнка ў размове з адвакатам сына.
– Ён мне гаварыў, што яму ўжо званіў следчы, і што на Андрэя завялі крымінальную справу па артыкуле 411. Аказваецца, тыя парушэнні, якія былі ў траўні, адно з іх – што ён на ложку чытаў, другое – калі ён вяртаўся ў камеру, прагучаў голас: номер камеры?; ён адказаў; аказваецца, гэта не кантралёр спытаў, а нейкая жанчына на калідоры была, – і ў гэтым яго абвінавацілі.
Па словах Валера Бандарэнкі, зараз адмінстрацыя „падкарэктавала” парушэнні – быццам Андрэй Бандарэнка, нягледзячы на папярэджанне, не спыніў парушэнне, – працягваў знаходзіцца на ложку, а таксама размову ў калідоры турмы. Аднак, як падкрэсліў Валер Бандарэнка, у апошняй тэлефоннай размове з сынам той заявіў, што парушэнняў з яго боку не было. І гэта могуць пацвердзіць запісы відэакамер назірання, якія ўсталяваны ў тым ліку і ў памяшканні, дзе адбывае пакаранне Андрэй Бандарэнка. Аднак прадстаўнікі адміністрацыі турмы заяўляюць, што запісы не захаваліся.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя