Новая крымінальная справа супраць Ігара Казмерчака?
Аршанскі актывіст паведаміў, што людзей з ягонага блізкага атачэння пачалі выклікаць у Дэпартамент фінансавых расследаванняў.
Паколькі з іх узялі падпіску аб неразгалошванні, яны не паведамляюць, пра што распытвалі следчыя. Аднак усе, хто быў выкліканы, маюць або мелі дачыненне да мясцовага незалежнага сайта orsha.eu, кажа Ігар Казмярчак:
-Улічваючы тое, што ў ДФР пабываў мой кампутар, я не выключаю, што гэта нейкая новая фінансавая праверка, але цяпер ужо ў дачыненні да сайта. 30-га снежня была закрыта папярэдняя крымінальная справа, нічым не скончыўшыся. І месяца не прайшло, як людзей з майго атачэння зноўку выклікаюць на размовы ў ДФР.
Ігар Казмярчак з’яўляецца заснавальнікам і рэдактарам сайта orsha.eu, які паведамляе зямлякам мясцовыя навіны. Папярэдняя крымінальная справа была распачатая супраць яго як уладальніка “Цудоўнай крамы” – крамы беларускіх сувеніраў і рамесніцкіх вырабаў. Ігара Казмерчака падазравалі ў нясплаце падаткаў, але абвінавачанне не пацвердзілася.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск