Новая пастанова мінздрава ўскладніла набыццё лекаў для жывёл



Нядаўняя пастанова Міністэрства аховы здароўя №66 выклікала цяжкасці ў працы ветэрынарных клінік, а таксама ў людзей, што займаюцца апекай жывёл. Большасць прыватных аптэк цяпер адмаўляюцца прымаць рэцэпты, выпісаныя ветэрынарамі. Паколькі ў ветэрынарных аптэках адсутнічаюць эфектыўныя антыбіётыкі ды іншыя неабходныя прэпараты, абсалютна няясна, як цяпер лячыць хворых жывёл, – кажа зааабаронца з Берасця Ірына Амельянчук.

– Такія прэпараты, як антыбіётыкі, цефатаксін, цефтрыаксон і некаторыя іншыя – усё гэта адпускаецца толькі ў чалавечых аптэках. І дзейнічаюць гэтыя прэпараты на ўзбуджальнікаў хвароб у жывёл. Спецыяльных ветэрынарных прэпаратаў, якія б дзейнічалі на жывёл, проста не існуе.

У прыватных аптэках тлумачаць непрыняцце ветэрынарных рэцэптаў тым, што пастанова ўзмацніла адказнасць фармацэўтаў за водпуск лекаў.

– Паводле пастановы рэцэпт выпісваецца лекарам лекава-прафілактычнай установы. Ветэрынарная клініка – гэта не зусім тое. З пазіцыі простай логікі, калі выпісваюць рэцэпт на нейкага пацыента чалавека, то аптэкары правяраюць дакладнасць дазіроўкі… Жывёле мы пры ўсім жаданні не можам вызначыць дазіроўку, бо гэтаму нас не вучылі, мы гэтага не ведаем.

Ад новых правіл ужо пацярпеў прытулак Берасцейскага таварыства дапамогі бадзяжным жывёлам “Дабрыня”, дзе своечасова не змаглі спыніць эпідэмію інфекцыйнага энтэрыту. Разам з тым дзяржаўныя аптэкі працягваюць браць ветэрынарныя рэцэпты, а Міністэрства аховы здароўя абяцае ветэрынарам цягам тыдня ўрэгуляваць сітуацыю. Хаця пастанова №66, што ўносіць змены ў парадак выпіскі медыцынскага рэцэпта, дзейнічае ўжо з сярэдзіны кастрычніка.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя