Новая справа за працу без акрэдытацыі – суд 2 кастрычніка (абноўлена)



З фармальнымі парушэннямі атрымаў журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка паперы з Кастрычніцкага РАУС Гародні па адміністрацыйнай справе, якую распачаў супраць яго гарадзенскі раённы суд. Сам журналіст здзіўлены, што нават фармальнага боку міліцыя ўжо не датрымліваецца пры складанні пратаколаў.

Кажа Андрэй Мялешка:

– Я атрымаў лісты і пратакол адміністратыўнай справы, якія па правілах павінны прыносіць да хаты пад роспіс і павінен быць пратакол апытання чалавека, на якога заведзена гэтая справа. Другі ліст, які прыйшоў, гэта было ўведамленне, што справа ўвогуле можа праходзіць без майго ўдзелу. У самім уведамленні Кастрычніцкага РАУСа няма ні даты калі распачалася гэтая справа, кім распачалася гэтая справа, даты, у якую павінны мне паведаміць. Гэта ўсё без пячатак прыйшло, але пратакол пад нумарам, у пратаколе напісана, што быў апытаны сведка.

Суд пройдзе 2-га кастрычніка ў Гарадзенскім раённым судзе а палове дзясятай.

IMG_4117

IMG_4114

IMG_4115

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.

* * *

Гарадзенскі журналіст-фрылансер, Андрэй Мялешка прыцягваецца раённым гарадзенскім судом за выраб інфармацыйнай прадукцыі без акрэдытацыі. У Андрэя Мялешкі ўжо ёсць адна адміністрацыйная справа ў гэтым годзе, калі бяздоказна суд Кастрычніцкага раёна аштрафаваў яго па гэтым жа артыкуле.

Сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з Гародні Андрэй Мялешка атрымаў адпаведныя дакументы з суда Гарадзенскай вобласці.

У лісце, за подпісам старшыні суда паведамляецца, што справа супраць Андрэя Мялешкі па артыкуле 22.9 ч.2 Адміністрацыйнага кодэкса (парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ) накіроўваецца для разгляду ў суд Гарадзенскага раёна.

Апроч гэтага ў панядзелак апоўдні журналіст таксама атрымаў позву з патрабаваннем з’явіцца на судовы разгляд адміністратцыйнай справы 2 кастрычніка а 9:30 у суд Гарадзенскага раёна.

Сам Андрэй Мялешка не можа нават ўявіць, за якое парушэнне яго хочуць прыцягнуць да адказнасці, бо пратакол адміністрацыйнага правапарушэння складаўся без ягонай прысутнасці.

Нагадаем, што сёлета гэта ўжо дзявятая спроба прыцягнення журналістаў да адказнасці за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Цягам года падобныя справы ўжо распачыналіся супраць сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алеся Дзянісава (штраф), Алеся Залеўскага (штраф), Аляксандра Буракова (адна справа – за сюжэт на “Белсаце”, вынік невядомы, другая – за матэрыялы на сайце DW.de, будзе вырашацца 30 верасня), Міхаіла Аршынскага (за сюжэт на “Белсаце”, вынік невядомы), Віталя Сямашкі (закрытая), Марыны Маўчанавай (штраф) і самога Андрэя Мялешкі (штраф).

Шасцёра журналістаў у гэтым годзе атрымлівалі папярэджанні пракуратуры за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

У той жа час міжнародныя журналісцкія арганізацыі ўжо даўно заклікаюць улады Беларусі скасаваць анахранічны парадак акрэдытацыі, які парушае права на доступ да інфармацыі. Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч падчас свайго афіцыйнага візіту ў Менск 15-16 верасня 2014 г. таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці адмяніць абавязковую акрэдытацыю журналістаў.

baj.by