«Новы час» звяртаецца па дапамогу да чытачоў
Рэдакцыя збірае грошы, каб аплаціць пазоў. «Новы час» звяртаецца па дапамогу да чытачоў — выданне мусіць аплаціць істотныя сродкі паводле пазову Леаніда Зайдэса, аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі «Поедем поедим» побач з месцам расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты.
Згодна з рашэннем суда Савецкага раёна Менска, «Новы час» павінен сплаціць судовыя выдаткі бізнесоўцу ў памеры 1500 рублёў, маральную шкоду — 700 рублёў, дзяржаўнае мыта — 147 рублёў. Агулам — 2347 рублёў. Пра гэта расказала ў нашым эфіры галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб:
– Газета існуе як ад продажу і падпіскі, так і ад добраахвотных ахвяраванняў. На жаль, продажу і падпіскі хапае ледзь-ледзь на пакрыццё выдаткаў на друк. Усе іншыя выдаткі мы вымушаныя рабіць за кошт нашых чытачоў. Гэта тычыцца і пазову Леаніда Зайдэса. Сама сума пазову невялікая – гэта 700 рублёў, але значныя выдаткі на юрыдычную дапамогу. Адвакат спадара Зайдэса вельмі дарагі.
У лісце на рэдакцыйным сайце гаворыцца, што сёння газета не валодае такой магчымасцю, таму звяртаецца па дапамогу да чытачоў. Прымаецца любая падтрымка: добраахвотнае ахвяраванне (з пазнакай “на сплату пазову”), падпіска на газету ці проста распаўсюд інфармацыі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя