Новы год па-паляшуцку. Каб свінні вадзіліся і вошай не было



Надыходзіць свята, якое бадай адзначае кожны. Фармат і маштаб гулянняў розны, урачысты настрой у гэтыя дні так ці інакш адчуваецца. Увогуле калядна-навагодні перыяд аб’ядноўвае людзей, нешта светлае, казачнае ва ўсім гэтым ёсць.

Канечне, куды ж у гэтыя дні без традыцый сустрэчы Новага года. Іх процьма. Шмат звычаяў і павер’яў. Не менш усяго такога, ды яшчэ якога, было ў другой палове ХІХ стагоддзя і ў жыхароў Пінскага Палесся. Дзякуючы назіранням святара, фалькларыста Дзмітрыя Булгакоўскага маем магчымасць пазнаёміцца з якімі думкамі і як палешукі сустракалі свята. У поле зроку даследчыка былі вёскі Купяцічы, Высокае, Пінкавічы ды Вішавічы. Яны і зараз існуюць на тэрыторыі Пінскага раёна.

 Палешукі, кастрычнік 1934 года. Фотаальбом «Палессе Луізы Бойд»

Беларускае Радыё Рацыя ўжо не аднойчы звярталася да працы Булгакоўскага «Пінчукі» (гл.: Дзяды. У апошні шлях па-палеску, Смерць вачыма палешука ХІХ стагоддзя, З колішняга жыцця дзяцей на Палессі). Сапраўды выданне 1890 года вельмі цікавае. Нездарма ж этнаграфічны зборнік высока ацаніў прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі, сакратар Геаграфічнага таварыства Расейскай імперыі Фёдар Істомін. Звяртаўся да кнігі і Язэп Драздовіч, калі ў 1926 годзе знаходзіўся на Піншчыне з навуковай экспедыцыяй. «Пінчукі» – гэта 257 разнастайных па змесце песняў з характарыстыкай і заўвагамі па іх асаблівасцях і мове, 210 загадак з адгадкамі і 65 прыказак і прымавак, а таксама дзясяткі абрадаў, звычаяў і павер’яў. Булгакоўскі за зборнік атрымаў залаты медаль Геаграфічнага таварыства.

Звернемся да назіранняў і пасля прааналізуем, што ж засталося да нашага часу.

(…) У Новы год мужчыны абуваюцца на печы ў тым перакананні, што будуць вадзіцца свінні. Некаторыя ў Новы год не ходзяць у карчму, каб не быць п’яніцаю. У Новы год не ціснуць вошай, каб не быць вашывымі. Вымятаюць раніцай хату і выносяць пустазелле за сяло, каб на палях у хлебе не было пустазелля. Паляць старыя венікі, каб цяліліся каровы і давалі шмат малака.

Не даюць хатняй жывёле есці да таго часу, пакуль самі не сядуць абедаць, каб не было на жывёлу мору. Не абразаюць пазногцяў, у надзеі не абрэзаць рук і ног на працягу ўсяго года.

Калі бацька і маці будуць што-небудзь рабіць у Новы год, то народзіцца ад іх дзіця з раздвоенай губой. За вячэрай ядуць хлеб, імкнучыся не рабіць дробак; у адваротным выпадку не будуць вадзіцца авечкі. Не кладуць у печ і на печы шчэпак, каб не загарэлася хата.

Не пояць у гэты дзень авечак, каб улетку не нападалі на іх мошкі ці вусеня.

Як хлопцы, так і асабліва дзяўчаты, ставяць пад свае ложкі або лаўкі, на якіх спяць, гаршкі з вадою, а на тых чыгунах кладуць лучыну крыжападобна і той, хто ў сне пяройдзе праз гэтую лучыну, будзе жаніхом або нявестаю; а таксама запасаюцца дзяўчыны да гэтага дня новым чыгунком, які ставяць пад свой ложак і кладуць кавалак хлеба на лучыне; раніцай глядзяць: калі хлеб зваліўся ў гаршчок, то не хутка выйдзе замуж, калі ж застаецца на лучыне – замужжа ў тым жа годзе.

Галоўнае падабенства, што як і пінчукі ў ХІХ стагоддзі, так і сучаснікі маюць надзеі на лепшае ў новым годзе. І вось, напрыклад: «Некаторыя ў Новы год не ходзяць у карчму, каб не быць пʼяніцаю» цалкам пераклікаецца з сёння ў тым, што шматлікія вераць, як сустрэнеш свята, так год і правядзеш.

Беларускае Радыё Рацыя